"Мы зрабілі гэта разам". "Бабруйск-Арэна"

17 сентября 2015

Тры арэны, усяго некалькі школ і каля тысячы навучэнцаў. Вось такая небагатая хакейная спадчына дасталася суверэннай Беларусі ад Савецкага Саюза. Калі ўпершыню збіралася нацыянальная зборная, не было ні прэміяльных, ні сутачных. Праблемы ўзнікалі нават з месцам трэніровак. Прайшло 20 гадоў, і з пункту гледжання інфраструктуры зроблены вялізны крок. Хакей зараз перажывае сапраўдны бум. А таму ў нашым маштабным праекце "Мы зрабілі гэта разам" хакею прысвечаны асобны раздзел.

2007-ы год. Канада. Паўгадавы кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея. Галоўнае пытанне парадку дня - выбары краіны - гаспадыні чэмпіянату свету 2013. Сярод прэтэндэнтаў - Швецыя, Венгрыя, Чэхія, Латвія і Беларусь. Гэта была першая спроба нашай краіны атрымаць турнір, і ў заяўцы першапачаткова значыліся дзве арэны, у Мінску і Бабруйску.

Будаўніцтва "Бабруйск-Арэны" пачалося ў 2006-м, праект быў выкананы спецыялістамі УП "Белпрампраект", у якасці генеральнага падрадчыка выступаў "Бабруйскі домабудаўнічы камбінат". У выніку, на ўсё пра ўсё спатрэбілася 23 месяцы!

На той момант "Бабруйск-Арэна" - самы ўмяшчальны лядовы палац у краіне – больш за 7 тысяч месцаў. Універсальны будынак можа прыняць спаборніцтвы па 15-ці відах спорту, а таксама канцэрты і шоу любой складанасці. Праўда, чыноўнікаў ІІХФ наша заяўка не ўразіла, і чэмпіянат 2013 аддалі Швецыі.

Але арэне ў Бабруйску, якая атрымала ў народзе мянушку НЛА, наканавана было сыграць сваю ролю, у рамках падрыхтоўкі да сусветнага форуму ўжо 2014-га года.

2010-ты год - чэмпіянат свету сярод юніёраў у эліце, 2011 - аналагічны турнір, толькі ў першым дывізіёне і сярод моладзевых каманд. Матчы МХЛ і КХЛ. Менавіта ў Бабруйску і адточвалася арганізацыйнае майстэрства, адточвалася, з прыцэлам на "Мінск-2014".

Самае высокатэхналагічнае абсталяванне тут утоена ад старонніх вачэй. Менавіта ад халадзільнай устаноўкі залежыць нармальнае функцыянаванне любой арэны.

На ўсіх арэнах Беларусі падрыхтоўкай лёду займаюцца выключна свае спецыялісты. Працэс доўгі і працаёмкі, займае 10-13 дзён. Вячаслаў Карпук адказваў за гэтую працэдуру нават на расійскай Алімпіядзе 2014 года.

Мінск, усе абласныя цэнтры, буйныя і невялікія гарады, з пункту гледжання хакейнай інфраструктуры, Беларусь зрабіла вялізны крок наперад. Зрэшты, лёду ўсё роўна не хапае, і не толькі ў Бабруйску.

Дзякуючы новай інфраструктуры, у дзіцячых школах назіраецца хакейны бум. Улічваючы дапамогу федэрацыі, шматлікія дзеці маюць магчымасць займацца бясплатна. Але, каб паставіць вытворчасць хакеістаў на паток, як гэта адбываецца ў Фінляндыі, Швецыі або Швейцарыі, трэба час і добрыя трэнерскія кадры. Усё астатняе ёсць!