Памёр пасол Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес

22 января 2015

Дыпламат не дажыў аднаго дня да свайго 77-годдзя. Сёння ў пасольстве Венесуэлы абвешчана жалоба. Напісаць развітальныя словы ў кнізе спачування прыходзяць і дыпламаты, і простыя грамадзяне. Амерыка Дыяс Нуньес стаяў у вытокаў наладжвання беларуска-венесуэльскіх адносін і зрабіў вялізны ўклад у развіццё гандлёва-эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва дзвюх краін. На дыпламатычнай службе ў Беларусі ён прапрацаваў 7 гадоў.

Марыя Антонія Кабеса, часовы павераны ў справах пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі: "Ён быў не проста пасол, а чалавек, які вельмі любіў Беларусь. Ён ставіўся да беларускага народа з любоўю, і мы страчваем чалавека, якога вельмі цяжка замяніць".

Амерыка Дыяс Нуньес вядомы не толькі як дыпламат. Ён быў вядомым журналістам. Больш як 20 гадоў быў галоўным рэдактарам газеты "Трыбуна Папулар", каардынаваў прэзідэнцкую выбарчую кампанію Уга Чавеса. Апошнія 5 гадоў Амерыка Дыяс Нуньес цяжка хварэў. Дыпламат памёр у родным горадзе Валенсія.