Малады блогер-жывёлавод з аграгарадка Махновічы Мазырскага раёна стварае этнакантэнт

21 апреля 2024

Той самы выпадак, калі праца на зямлі ўзбагачае ўнутраны свет і дае натхненне паглыбляцца ў народныя традыцыі. Малады блогер-жывёлавод з аграгарадка Махновічы Мазырскага раёна стварае этнакантэнт: захапляе падпісчыкаў культурай беларускага Палесся і ўнікальным мазырска-тураўскім дыялектам.

Праект "Пазнай Палессе" набірае ўсё большую папулярнасць у знатакоў аўтэнтычнасці, збіраючы вялізную колькасць лайкаў і каментарыяў. Наша здымачная група пазнаёмілася з Ігарам Гайкевічам, каб намаляваць партрэт прасунутага жыхара сучаснага беларускага аграгарадка.

У кранальных расповедах і сакавітых колерах старонка ў сацыяльнай сетцы з амаль 20 тыс. падпісчыкаў. Аўдыторыя - пераважна гарадскія жыхары, якія засумавалі па сялянскім каларыце і этнаантуражы. Пад псеўданімам Дзед Янкель красамоўна і па-беларуску лагодна захапляльны кантэнт стварае Ігар Гайкевіч. Па спецыяльнасці педагог, па прафесіі - жывёлавод, па закліку сэрца - этнограф.

Ігар Гайкевіч, аўтар праекта "Пазнай Палессе":

Людзям падабаюцца такія вось допісы этнаграфічныя. Настальгія па бацьках, па дзядулях. Яна трошкі людзей ускалыхнула. Ёсць зваротная сувязь на тое, што я раблю. Людзі расплюшчваюць вочы на прыгажосць, якая паўсюль - этнаграфічная, культурная, гістарычная - вось гэта ўсё спадчына.

Гістарычныя нарысы і дакладныя навуковыя тэксты блогер ператварае ў больш даступны жанр, суправаджае ілюстрацыямі, распавядае пра аўтэнтычны строй і сакральны сэнс абрадаў, разважае пра творчыя здабыткі класікаў, месца і ролю беларусаў ў сусветнай культуры. Ён і жонку захапіў прагай пазнаваць таямніцы гісторыі. Яна - сааўтар запатрабаванага этнапраекта.

Вікторыя Гайкевіч, сааўтар праекта "Пазнай Палессе":

Дзесьці і тэкст гляну выпадкова, дзесьці малюначак. Бывае, ведаеце, замылена вока. Вельмі доўга ён трымаў у сакрэце, што ён не дзед насамрэч, а малады хлопец. Толькі, пэўна, адкрыўся сёлета.

Ігар Гайкевіч родам з Лельчыцкага раёна - краю з багатай культурнай спадчынай. Маленькая Скандынавія сярод палескіх балот. Так мілагучна ён называе малую радзіму і нясе любоў да матчынага слова. Сваю першую кнігу з казкамі прысвяціў гадавалай дачцэ. Кажа, каштоўнасці закладваюцца ў дзяцінстве і прарастаюць скрозь гады.

Ігар Гайкевіч, аўтар праекта "Пазнай Палессе":

Мне хочацца, каб мая дачка ведала гісторыю, культуру свайго народа, таму што як у матулі не забраць гэтай матчынай любові да свайго дзіцяці, так і ў народа не забраць цікаўнасці і любові да сваёй культуры, да сваёй спадчыны.

Каб быць бліжэй да вытокаў, выпускнік Мазырскага педуніверсітэта пайшоў працаваць у саўгас-камбіната "Зара". У яго абавязках - сачыць за рацыёнам жывёл, клапаціцца пра іх стан здароўя.

Маладому спецыялісту далі арэнднае жыллё. Падумвае пусціць тут свае карані і распачаць новую рубрыку пра будні жывёлавода. Глядзіш і моладзь пацягнецца за вясковай рамантыкай.

Ігар Гайкевіч, аўтар праекта "Пазнай Палессе":

Па большай частцы вядуць маладыя людзі, гэта ўсё падаецца ў сціснутай форме, але ўсё даступна і зразумела. Таму, магчыма, бы б цікава нешта сваё такое завесці. Патрэбна назіраць і выконваць свае абавязкі трошкі больш, чым патрэбна.

Пётр Бараноўскі, намеснік дырэктара саўгаса-камбіната "Зара":

Можа хтосьці, паглядзеўшы гэта відэа, зробіць выбар на карысць сельскай гаспадаркі. Палітыка дзяржавы, наш Прэзідэнт звяртае ўвагу, што маладое пакаленне трэба прылучаць да працы. Не ўсім жа дадзена быць айцішнікамі, настаўнікамі, трэба працаваць і ў сельскай гаспадарцы.

Малады і апантаны этнаблогер упэўнены: пакуль ёсць непераадольная прага спасцігаць патаемнае і такое каштоўнае - глыбіню і моц сваёй малой радзімы - вёска будзе жыць.