МКАД-2 узводзяць па самых перадавых сусветных тэхналогіях

19 октября 2015

Яшчэ адна наша перавага, якая пры разумным падыходзе і гаспадарскім вядзенні спраў можа стаць залатой жылай для краіны, а для нас з вамі - закладам высокай якасці жыцця і камфорту. Размова пра транзітныя магчымасці, якія дае геаграфічнае становішча Беларусі. А, адпаведна, і пра новыя транспартныя артэрыі. Адна з іх - другая кальцавая. Трасу ўзводзяць па самых перадавых сусветных тэхналогіях, але з выкарыстаннем выключна айчыннай сыравіны. Першы ўчастак МКАД-2 дарожнікі здалі на пачатку кастрычніка. Тады ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел і Кіраўнік дзяржавы. Ім былі агучаныя і пажаданні адносна ўладкавання асобных участкаў трасы. Сёння рух па новай МКАД-2 пакуль не такі інтэнсіўны, як планавалі спецыялісты, але трафік нарастае з кожным днём. З падрабязнасцямі Сяргей Шуманскі.

Неабходнасць будаўніцтва другой кальцавой вакол Мінска наспела яшчэ на пачатку двухтысячных. Падстаў для гэтага было некалькі. Па-першае, колькасць машын у краіне з кожным годам павялічваецца ў некалькі разоў, па-другое, транзітны транспарт. Сёння першая МКАД з цяжкасцю спраўляецца з мінскім патокам, не гаворачы ўжо пра гасцей сталіцы і чароды транзітных фур. Афіцыйнае рашэнне наконт будаўніцтва МКАД-2 было прынятае ў 2010-м, але актыўныя работы пачаліся толькі сёлетняй вясной.

Якой будзе МКАД-2 праз год, лепш за ўсё відаць на карце. Агульная працягласць новай дарогі - 160 кіламетраў. Калі ўлічыць, што больш за палову кальцавой ужо існуе, то дарожнікам застаецца злучыць усяго траціну кальца. Да канца 2015-га цалкам дабудуюць участак ад Астрашыцкага Гарадка да Гродзенскай трасы, а ў наступным годзе плануецца здаць адрэзак ад М6 да Дзяржынска з выхадам на М1. Менавіта тады кальцо будзе замкнёнае поўнасцю.

Новую трасу вырашана было ўзводзіць па перадавых еўрапейскіх і амерыканскіх тэхналогіях, але з айчыннага цементабетону. Для гэтага прыйшлося мадэрнізаваць усю цэментавую галіну і замяніць тэхналогіі 30-гадовай даўніны. Але, як гавораць спецыяллісты, яно таго вартае.

Адкрываць першы ўчастак МКАД-2 дарожнікі запрасілі Кіраўніка дзяржавы. Тым больш што рашэнне інвесціраваць "у айчынны бетон" прымаў менавіта Прэзідэнт. Пераразаючы чырвоную стужку, Аляксандр Лукашэнка афіцыйна вызначае дзень нараджэння новай магістралі - 6 кастрычніка 2015 года.

Акрамя якасці і тэрмінаў канчатковай здачы ў эксплуатацыю, асаблівую ўвагу Прэзідэнт тады звярнуў на невялікі адрэзак дарогі ад Кургана Славы да Астрашыцкага Гарадка. Гэтыя 15 кіламетраў МКАД-2 - самае вузкае месца новай кальцавой. Дарога там добрая, мясціны маляўнічыя, але шырыня палатна можа стаць праблемай - усяго па адной паласе руху ў кожны бок.

Нягледзячы на тое што новая бетонка пабудаваная па сучасных параметрах, якія дазваляюць рухацца па ёй з хуткасцю 120 кіламетраў за гадзіну, ужо з лістапада на дарозе з'явяцца іншыя абмежавальныя знакі. На зімовы перыяд (з 1 лістапада па 1 красавіка) дарожнікі вырашылі знізіць хуткасны рэжым да 70 кіламетраў за гадзіну , і на тое ў іх ёсць важкія падставы.

Менавіта таму, што новую дарогу нельга апрацоўваць рэагентамі, а значыць немагчыма забяспечыць стапрацэнтную бяспеку для вадзіцеляў, прыйдзецца абмежаваць хуткасць перамяшчэння па ёй. Вядома, гэта зусім не значыць, што зімой на МКАД-2 пры першых жа снегападах будзе каток. Пакрыццё пры неабходнасці будуць апрацоўваць пяском.

Самі дарожнікі называюць асноўныя вартасці новай кальцавой: па-першае, у параўнанні з асфальтабетонам цементабетонавае пакрыццё больш надзейнае. Прынамсі, першы капітальны рамонт на МКАД-2 запланаваны не раней чым праз 30 гадоў. Па-другое, на гэтай дарозе проста не могуць утварыцца каляіны. Адпаведна, пры летняй спякоце не будзе ніякіх абмежаванняў на вось для грузавых аўтамабіляў. І па-трэцяе, такая дарога ўначы значна святлейшая, чым асфальт, што, адпаведна, спросціць жыццё вадзіцелям.

Сёння рух па новым участку МКАД-2 яшчэ не такі інтэнсіўны, як планавалі спецыялісты, але трафік нарастае з кожным днём. Па свежай бетонцы спяшаюцца праехаць не толькі вадзіцелі вялікагрузаў, але і жыхары прылеглых да Мінска раёнаў, гарадоў-спадарожнікаў, бо новая кальцавая не толькі для транзіту. Добрая дарога вабіць яшчэ і буйных інвестараў у сферу турызму і адпачынку. Гэта якраз той выпадак, калі ад трываласці і даўгавечнасці дарожнага пакрыцця залежаць якасць жыцця і камфорт кожнага беларуса.