Мінску - 952! Першае згадванне аб ім у гісторыі датуецца 1067 годам

14 сентября 2019

Мінску - 952! І як сапраўдны імяніннік, свой дзень нараджэння горад святкуе з размахам - весела, спартыўна і, вядома, смачна. Выхадныя насычаныя эмоцыямі, фарбамі і галоўнае - усмешкамі жыхароў і гасцей горада. А іх, дарэчы, нямала - вуліцы перапоўненыя. Зрэшты, наша сталіца гасцінная заўсёды.

Каб спаўна ацаніць сённяшні дзень, спачатку ўспомнім гісторыю. Яна сапраўды багатая. Першае згадванне - 1067 год. А значыць Мінск старэйшы за Маскву на сто гадоў! Першапачаткова ён размяшчаўся на беразе ракі Менка, ад якой, верагодна, і атрымаў сваю назву. Пазней раскінуўся ўздоўж набярэжнай Свіслачы. Магдэбургскае права Мінск атрымаў у 1499 годзе, а свой герб у 1591.

За ўсю гісторыю горад 18 разоў згараў і літаральна адраджаўся з попелу. Самая старажытная пабудова, якая захавалася, - Петрапаўлаўская царква. Храм узвялі ў 1613 годзе. А самыя старажытныя вуліцы - Няміга і Замкавая. Падчас Вялікай Айчыннай Мінск быў практычна поўнасцю разбураны, затым зноў адбудаваны. У 1974 годзе Мінску было прысвоена ганаровае званне “Горад-герой”.

Сёння Мінск - сапраўдны мегаполіс, у якім афіцыйна пражывае 1 мільён 992 тысячы чалавек. І кожны чацвёрты - моладзь.

І трохі цікавых фактаў. Беларуская сталіца па праве можа пацясніць Туманны Альбіён - 67 дзён на год горад ахутвае туман. Для параўнання: у Лондане ўсяго 45. Батанічны сад уваходзіць у тройку самых вялікіх у Еўропе па плошчы - 96 гектараў. Саступае толькі Лондану і Мадрыду. І, вядома, Мінск па праве называюць зялёным горадам - амаль 845 тысяч дрэў расце ў мегаполісе.

Дарэчы, многія з іх уздоўж самага доўгага праспекта - Незалежнасці і самай кароткай вуліцы - Бібліятэчнай. Яе даўжыня ўсяго 90 метраў. Амаль у дзесяць разоў большая працягласць самага доўгага дома сталіцы - 800 метраў. Чырвоны дом (альбо “кітайская сцяна” як яго называюць у народзе) ўпрыгожвае вуліцу Максіма Танка. Праз увесь горад працякае рака Свіслач, над ёй раскінуліся 54 масты. А ўсяго ў Мінску 180 маставых збудаванняў. Працягласць падземнай ракі Нямігі 4 кіламетры. Ёсць у сталіцы і сваё мора - Мінскае.