Мінскія кандытары зробяць ваш вясельны торт непаўторным

2 июля 2013

Эксклюзіўныя ўпрыгажэнні ручной работы на любы густ. Гэта не рэкламны слоган ювелірнага магазіна. Мінскія кандытары зробяць ваш вясельны торт непаўторным. Усе прапановы будуць улiчаныя: выраб па эскізе, фота маладых і эксклюзіўныя ўпрыгажэнні ў адзінкавым экзэмпляры. Акцэнт сталічныя кандытары робяць на натуральнасці інгрэдыентаў і непаўторным дызайне.


Расказвае Надзея Сербіненка.


Вясельны торт з кветкамі з белага шакаладу прыцягвае позіркі гасцей задоўга да пачатку цырымоніі яго разразання. Не дзіва, бо мінскія кандытары працуюць над стварэннем салодкага шэдэўра каля дванаццаці гадзін.


Для самых патрабавальных заказчыкаў створана лінія элітных тартоў. У іх склад уваходзяць толькі натуральныя інгрэдыенты, а ўсе элементы дэкору вырабляюць у адзінкавым экзэмпляры.


Аб прыгожым і смачным ласунку на вяселле трэба паклапаціцца загадзя. Арыгінальны торт з кветкамі можа складацца з некалькіх ярусаў, форму якіх заказчык выбірае сам. Вага торта залежыць ад колькасці гасцей. Стандартны заказ - 100-грамовы кавалачак для кожнага запрошанага.


Цікава, што дызайнераў тартоў на заводзе няма. Галоўныя дзеючыя асобы - кандытары і тэхнолагі. Менавіта яны распрацоўваюць дызайн упрыгажэнняў і вызначаюць стыль вырабу. А калі ў пакупніка ёсць свой ??эскіз торта, кандытары могуць увасобіць у жыццё і яго. Галоўнае - настроіцца на плённае супрацоўніцтва.



На сайце пакупнік можа выбраць патрэбны дызайн, вызначыць склад торта, цеста каржоў, крэм, напаўняльнік і цукровыя ўпрыгажэнні. У стале заказаў самыя незвычайныя пажаданні будуць улічаныя. Вы хочаце заказаць вясельны торт у выглядзе вялізнага букета руж або ажурнай сукенкі нявесты? У руках мінскіх кандытараў бісквіт, масціка і карамель знаходзяць другое жыццё і становяцца асновай салодкага шэдэўра.


Попыт на вясельныя, карпаратыўныя, імянінныя і дзіцячыя тарты ёсць заўсёды. Але кандытары адзначаюць, што летам людзі не так актыўна заказваюць такія прысмакі. Спякота, не да салодкага. Але і з гэтай сітуацыі вытворцы знаходзяць выйсце: тварожныя, ягадныя тарты актуальныя і летам.