Мінск узначаліў рэйтынг самых папулярных турыстычных напрамкаў у расіян

5 января 2017

Па выніках мінулага года, беларуская сталіца займае першае месца сярод гарадоў СНД па колькасці браніравання гатэляў і гасцініц. Гэтымі днямі ў Мінску  сапраўды шмат  турыстаў. Штодзень у беларускую сталіцу прыбывае да тысячы гасцей з розных рэгіёнаў Расіі. Падрабязна Надзея Сербіненка.      

Сям'я Казьменка пераадолела адлегласць у 800 кіламетраў,  а ўсё для таго, каб зрабіць сэлфі на Кастрычніцкай плошчы ля галоўнай ёлкі Беларусі. Турысты з Курска ў Мінску - на тыдзень, як раз на ўсе навагоднія канікулы.

Наплыў турыстаў з Расіі ў беларускую сталіцу заўсёды прыпадае менавіта на навагоднія святы. Свае працяглыя канікулы многія жыхары Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Ніжняга Ноўгарада праводзяць у нас.  Згодна са звесткамі расійскіх турагенцтваў, за мінулы год Беларусь наведалі 300 тысяч жыхароў краіны-суседкі. 

Мінск стаў самым папулярным горадам сярод расіян па выніках 2016 года. У сярэднім турысты праводзяць у беларускай сталіцы два дні. Што да краіны у цэлым, Беларусь – у першай дзясятцы па папулярнасці. У гэтым жа спісе  Італія, Тайланд, Францыя і Грузія.

Да наплыву турыстаў у Мінску падрыхтаваліся загадзя. Распрацавалі спецыяльныя экскурсіі, у тым ліку для дзяцей, а таксама гастранамічныя туры  з дэгустацыяй аўтэнтычных беларускіх страў.

Турыстычнай прэм'ерай 2017-га стала выданне "Знайдзі сваю Беларусь". Яно знаёміць замежных турыстаў з нашай краінай   упершыню на сямі мовах. Нямецкая, англійская, французская, кітайская і нават арабская – над стварэннем буклета працавала прафесійная  каманда лінгвістаў, дызайнераў і фатографаў. Распаўсюджвацца брашуры будуць на міжнародных турыстычных выставах і ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі.

Самы папулярны турыстычны маршрут  у Мінску праходзіць  праз Верхні горад, Траецкае прадмесце, праспект Незалежнасці, Нацыянальную бібліятэку, “Мінск-Арэну” і Камароўскі рынак.