Мінск адзначыць 950-гадовы юбілей

29 августа 2017

Не толькі паўмарафон - гістарычныя рэканструкцыі, фестываль экскурсій і турнір па паветраплаванні. Менш як два тыдні засталося да галоўнай падзеі ў жыцці горада - на наступных выхадных Мінск адзначыць 950-гадовы юбілей. Падрыхтоўка да святкавання - на фінальнай стадыі. На працягу чатырох дзён з сёмага па дзясятае верасня ў Мінску пройдзе больш як 80 культурных, спартыўных, забаўных мерапрыемстваў і акцый. Ужо вызначаныя і асноўныя гарадскія пляцоўкі. У свой юбілей Мінск прыме не толькі паўмарафон, але і Кубак па паветраплаванні, сілавым экстрыме, а таксама фестываль хлеба. Да нас прыбудуць і замежныя дэлегацыі - але не толькі каб павіншаваць Мінск, але і каб умацаваць дзелавыя сувязі. Запланавана наведванне буйных прамысловых прадпрыемстваў. Падрабязная святочная праграма - у Надзеі Сербіненкі.

Свой 950-ы дзень нараджэння Мінск адзначыць з размахам. Святкаванні расцягнуцца на чатыры дні. Падрабязную праграму сёння журналістам паказаў Мінгарвыканкам.

Дасць старт урачыстасцям шоу фантанаў, якія спяваюць, і Міжнародны фестываль паветраплавання. Ля Палаца спорту канцэртная праграма і кірмаш разгорнецца і ў суботу, і ў нядзелю. Там жа пройдзе турнір па сілавым экстрыме. У Вялікім тэатры ў суботу адбудзецца цырымонія "Мінчанін года". Таксама ўсе выхадныя з Мінскам будуць знаёміць прафесійныя гіды. Экскурсіі - па Верхнім горадзе і Траецкім прадмесці - бясплатныя. Два дні падоўжыцца і міжнародны фестываль "Мінск старажытны".

Перанесціся на дзевяць з паловай стагоддзяў назад можна будзе ўжо 9 верасня. Апоўдні. Праз гэтую браму на рысталішча - або поле бітвы - будзе выходзіць конніца і пяхота. Тут, у самым цэнтры Мінска, будзе рэканструяваная бітва на Нямізе 1067 года.

У свой дзень нараджэння Мінск стане і дзелавым цэнтрам. Удзел у святочных мерапрыемствах пацвердзілі 17 замежных дэлегацый з адзінаццаці краін. Запланаваныя двухбаковыя сустрэчы. Дзень горада - гэта яшчэ адна магчымасць пазнаёміць замежных партнёраў з нашым экспартным патэнцыялам.

Галоўны салодкі падарунак Мінску зараз рыхтуюць сталічныя кандытары. Вялізны торт вагай больш за два з паловай цэнтнеры спякуць на трэцім хлебазаводзе. На бісквітных каржах - галоўныя славутасці. Відарысы Нацбібліятэкі, галоўпаштамта, брамы Мінска раздрукуюць на харчовым прынтары. Кандытары абяцаюць - торта хопіць усім!

А ў нядзелю Мінск зменіць афіцыйнае аблічча на спартыўнае. У 10:00 стартуе Мінскі паўмарафон. Чакаецца, што пабягуць дваццаць тысяч чалавек. Стаць часткай маштабнага забегу яшчэ ёсць магчымасць - рэгістрацыя адкрытая.