Тыдзень маці стартаваў сёння і ў сталіцы

8 октября 2013

На працягу сямі дзён для матуль па ўсім горадзе будуць арганізаваны ўрачыстыя мерапрыемствы - святочныя канцэрты ў раённых адміністрацыях і прыём кіраўніцтвам горада. Штогод у сталіцы прыкладна 16 тысяч жанчын трапляюць у радзільныя залы. Пры гэтым узрост жанчыны-маці павялічваецца з кожным годам - зараз гэта прыкладна 27 гадоў. Больш падрабязна Наталля Кезік.


Доўгачаканае шчасце ў трайным памеры і з розніцай у адну хвіліну. Мара нарадзіць дачку збылася спаўна. Затое ні бацькі, ні нават бабулі не спрачаліся наконт выбару імя немаўлятам. Усе пажаданні былі выкананы.


Нараджэнне трайнят сёння - з'ява не адзінкавая. Сёлета шчасце ў трэцяй ступені адразу атрымалі 4 сям'і, а вось двайнятак - ажно 186.


Штогод у сталіцы прыкладна 16 тысяч жанчын становяцца матулямі. Сёлета ж па ўсёй краіне для 37 тысяч жанчын дзень 14 кастрычніка стане святочным.


На працягу пяці гадоў нараджальнасць перавышае смяротнасць. Узрост матуль павялічваецца - зараз гэта лічба складае прыкладна 27-28 гадоў. Як сцвярджаюць спецыялісты, звязана гэта з папулярнасцю ў сталіцы так званых грамадзянскіх шлюбаў. Але супрацоўнікі ЗАГСаў не вельмі вітаюць юрыдычна неўзаконеныя сямейныя адносіны.


Але на гэтым тыдні лекцыі і заняткі для маладых матуль будуць заменены на віншаванні, кветкі і святочныя канцэрты. 32 шматдзетныя матулі цэнтральнага рэгіёну атрымаюць ганаровы ордэн Маці. Сцэнарый святочнага тыдня спецыялісты спланавалі загадзя.


Акрамя святочных мерапрыемстваў плануецца правядзенне сустрэч і кансультацый з урачамі для жанчын, падлеткаў і дзяцей. Святочны тыдзень завершыцца ў наступны панядзелак, але ж любоў і пашана да лыбых матуль не абмяжоўваецца календаром.