Мінск павінен быць расчышчаны ад снегу за два дні

16 января 2017

Такое распараджэнне сёння на нарадзе даў мэр сталіцы Андрэй Шорац. Дарожныя і камунальныя службы аператыўна не справіліся  з уборкай  снежных гурбаў (за выхадныя выпала 10 сантыметраў ападкаў). Для расчысткі двароў дадаткова задзейнічаны 800 чалавек. Небяспеку ўяўляюць і вялікія ледзяшы, што з'явіліся  на дахах дамоў. Як горад вызваляецца ад снежнага і ледзянога палону,  высвятляў Аляксандр Харавец. 

За выхадныя снежны пласт у сталіцы падрос на 10 сантыметраў. Справіцца з такім покрывам дарожным і камунальным службам аператыўна не ўдалося. Самыя праблемныя месцы і на гэты час застаюцца - двары і паркоўкі. На дапамогу дворнікам выйшлі і салдаты. Праўда, працу тэхнікі і людзей замаруджваюць хаатычна кінутыя аўто.

Снежныя шапкі выраслі і на дахах дамоў. Аднак такая "пышнасць" тоіць у сабе сур'ёзную пагрозу - велізарныя ледзяшы.

З васьмі раніцы Уладзімір Кудзін вызваляе дахі дамоў ад ледзяных сталактытаў. Мужчына прызнаецца: гэта у яго юбілейны – трыццаты - сезон на вышцы. Узнімацца спецыяліст не баіцца. А вось разбіць вокны ў доме  асцерагаецца.

Пад ледзяной пагрозай не толькі людзі, але і машыны. Вось гэты мінівэн пацярпеў ад неспадзяваных "прывітанняў з вышыні". Гаспадар тэхнікі не пакінуў свае каардынаты, таму намаганні неабыякавых людзей расказаць аб наступствах пакуль безвыніковыя.

А вось Нацыянальная бібліятэка ад снегу пазбаўляецца самастойна. Ромба-куба-актайдар награваецца знутры, і белы капялюш спаўзае у ліўневыя сцёкі, пасля чаго растае і трапляе ў каналізацыю.

Сяргей Кушаль, вядучы інжынер Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: “Шкло, па якім спаўзаюць  масы снегу і трапляюць у  ліўневы сцёк, можа вытрымаць вялікую снежную нагрузку. За кошт таго, што бібліятэка награвае сама сябе знутры,  снег спаўзае і трапляе ў латок ліўневага сцёку, дзе кабель ператварае яго ў ваду”. 

Аднак такія разумныя будынкі пакуль у нашай краіне рэдкасць. Таму традыцыйна снег прыбіраюць спецыяльнай тэхнікай.

Знайсці расчышчанае месца на паркоўцы - самы папулярны квест для аўтаўладальнікаў. Прайсці гэты іспыт даволі проста пры дапамозе вось такога інструмента. Асабіста я на выхадных вызваліў ад снежнага палону, акрамя свайго, яшчэ  два машина-месцы. Аднак літаральна праз гадзіну яны былі занятыя, таму лапату мне ў рукі і можна смела прапусціць занятак  у спартыўнай зале.

Прыбіраць снег каля сваіх машын - абавязак аўтаўладальнікаў. Злосных парушальнікаў чакаюць штрафы. Па прагнозах сіноптыкаў, снегапады на гэтым тыдні ўзялі тайм-аўт, а слупкі тэрмометраў  застынуць на адзнацы  мінус  13 градусаў.