Міні-заапарк у Мінскім раёне запрашае наведвальнікаў

22 февраля 2024

Новы экамаршрут у турыстычнай навігацыі цэнтральнага рэгіёна! Міні-заапарк сустракае наведвальнікаў у Мінскім раёне.

Гаспадар фермерскай сядзібы Юрый Карпіловіч добраўпарадкаваў тэрыторыю 3 га для птушак і жывёл, у тым ліку экзатычных. Тут жыве цар звяроў - леў па мянушцы Сімба, пара тыграў-гарэз, ваўкі, леапард, сям’я вярблюдаў, зубры. Некаторых жывёл гаспадар прывёз з заапаркаў суседніх краін.

Апартаменты з падагрэвам, зашкленыя пакоі і прасторныя тэрасы на свежым паветры прадугледжаны для звыш 40 відаў і прадстаўнікоў фауны. Агульны дом стаў і месцам прытулку для птушак, якія фізічна не могуць адляцець у вырай ці забяспечваць сябе ежай. У заапарку прыжыўся бусел з параненым крылом і лебедзь, якога калісьці ратавальнікі вызвалілі з ледзянога палону.

Інфраструктура заакомплексу ўключае кафэ і гасцёўню казачных чараўнікоў , дзіцячую пляцоўку і малыя архітэктурныя формы, экааўтапарк з вазамі для катання на конях. Такі сямейны аграэкатурызм карыстаецца попытам у гасцей. У планах - стварыць парк накшталт саванны, па якой будуць свабодна прагульвацца жывёлы, а наведвальнікі будуць назіраць за імі з бяспечнай адлегласці.