Месяц добраўпарадкавання распачаўся ў Мінску

12 марта 2024

З прыходам вясны ў сталіцы стартаваў сезон добраўпарадкавання. Чысціню наводзяць у парках і скверах, дварах і ўздоўж дарог. Горад ачышчаюць ад лістоты, галінак і пяску, якія назапасіліся за зіму. Таксама ў планах - рамонт, абнаўленне і афарбоўка лавак, дзіцячага гульнявога абсталявання, кантэйнерных пляцовак. У дварах усталююць новыя трэнажоры. Да марафону чысціні далучыліся ўсе раёны Мінска.

Камунальныя службы разам з жыхарамі Мінска добраўпарадкуюць амаль 10 тыс. га зялёных тэрыторый. Спецыялісты "Зелянбуда" плануюць высадзіць 1,5 тыс. дрэў - большасць з іх ясені, якія добра прыжываюцца ў гарадскім асяроддзі. Далучыцца да марафону чысціні можа кожны, а ў красавіку беларусаў аб'яднае агульнарэспубліканскі суботнік.