Мемарыяльны комплекс "Прарыў" адкрылі пасля рэканструкцыі

9 мая 2016

На вайне былі перамогі асаблівыя, перамогі ў няроўным баі, перамогі, загадзя асуджаныя на паражэнне і ўсё-такі здабытыя насуперак усім законам прыроды. Адна з іх - прарыў партызанамі фашысцкай блакады ва Ушацкім раёне ў маі 1944-га. Пра дзейнасць народных мсціўцаў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны напісаныя кнігі. У 1974 годзе на месцы гераічных падзей быў узведзены мемарыяльны комплекс "Прарыў". Сёння ён адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі. Абноўлены мемарыял уключаны ў турыстычныя маршруты Беларусі.

Вольга Маслоўская Дзень Перамогі сустрэла на "Прарыве", яна ж раскажа пра тое, як 9 Мая адзначылі ў Віцебскай вобласці.

9 Мая ў паўночным рэгіёне адзначаюць ва ўсіх гарадах і нават невялікіх пасёлках. Падзей шмат, але мы Дзень Перамогі сустрэлі за восем кіламетраў ад Ушач. Тут пасля маштабнай рэканструкцыі адкрылі мемарыяльны комплекс "Прарыў".

Гэтая мясціна захоўвае памяць пра подзвіг партызан падчас блакады мая 1944-га. Тады з нямецкага акружэння яны змаглі вывесці 15 тысяч мірных жыхароў. Сілы праціўніка пераўзыходзілі амаль у 4 разы. Сёння на месцы легендарнага прарыву былыя партызаны сустракаюцца, не прапускаючы ніводнага мая.

У мясцовым музеі захавалася фатаграфія: у чэрвені 1974-га ў дзень адкрыцця мемарыяла ў моры людзей была бачная толькі 7-метровая бронзавая скульптура партызана. Сёння тут гэтак жа шматлюдна.

Як, зрэшты, і ў самім Віцебску. Яшчэ раз падзякаваць ветэранам за подзвіг прыйшлі тысячы людзей. Да Вечнага агню на плошчы Перамогі ўсклалі кветкі, маршам прайшлі войскі Віцебскага гарнізона.

Асабліва шмат у горадзе маладых сем'яў з дзецьмі. Хлопчыкаў парадаваў парад ваеннай тэхнікі. Зараз жа ўсе чакаюць кульмінацыі свята. У 22 гадзіны неба расфарбуюць залпы святочнага салюту.