Маштабны мор рыбы ў Дзяржынскім раёне

13 сентября 2017

Экалагічная катастрофа ў Дзяржынскім раёне - звыш паўтысячы рыбін загінула ў рацэ Уса. Цячэнне атруцілі сцёкі біялагічных адходаў з мясцовага свінакомплексу.

Што ж стала прычынай уцечкі, калі рака адновіцца пасля аварыі? Прычыны і наступствы катастрофы высвятляў Ян Пашкевіч.

Ад свінакомплексу атрутная вада лілася з пагорка ў раку Уса. Сцёкі ператварылі звычайную прэсную ваду ў небяспечную для экасістэмы. За імгненне загінула вялікая колькасць рыбы - звыш паўтысячы асобін.

Месцамі ад адходаў вада нават афарбавалася ў чырвоны колер. Наступствы стыхійнага здарэння заўважылі нават рыбакі з Нёмана – Уса адзін з яго прытокаў.

Хоць асноўны удар рака прыняла намнога вышэй па цячэнні. Нават тут можна знайсці побач з берагам шмат загінуўшай рыбы.

Крыніцай атрутнага ручая сталі ачышчальныя сажалкі свінакомплексу.

Да вялікага патопу прывёў моцны лівень – сховішча адходаў перапоўнілася, вада прарвала земляныя барыкады.

Аднак насамрэч зараз вал на месцы прабоіны сажалкі больш нагадвае часовую латку – астатнія сценкі амаль утрая таўсцейшыя за яго. Такі несвоечасовы рамонт небяспечнага палігона зараз абыдзецца гаспадарцы значна даражэй – пагражае не толькі вялікі штраф.

Акрамя таго, вада з ракі зараз знаходзіцца на праверцы ў лабараторыі. Калі спецыялісты выявяць значныя адхіленні ад нормы – сума штрафу можа значна павялічыцца. Рака з часам ачысціць сама сябе – моцнае цячэнне ўжо растварыла атрутныя сцёкі.