Выстава майстроў па мастацкай вышыўцы стужкамі адкрылася ў Мінску

13 августа 2015

Выстава майстроў па мастацкай вышыўцы стужкамі адкрылася ў галерэі Мінскага цэнтра народнай творчасці. Тэхніка старажытная, але ў новым выкананні нагадвае 3D-карціны. Тут жа можна ўбачыць дызайнерскія прадметы інтэр’ера, аксэсуары і нават лялькі. Як спалучаюць новыя тэхнікі і віды мастацтва – раскажа Ларыса Гулякевіч.

Тэхніка вышыўкі шаўковымі стужкамі зарадзілася ў 17 стагоддзі пры праўленні Людовіка XV у Францыі. Сёння гэты від мастацтва па-новаму адраджаецца на Беларусі.

Аўтарскія работы майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мастака Ірыны Жукавай аб’ядноўваюць адразу некалькі відаў мастацтва і тэхнік. Яна ўдала спалучае выяўленчае мастацтва, вышыванне бісерам, гладдзю і шаўковымі стужкамі.

На самай справе Ірына архітэктар па адукацыі, але прыкладное мастацтва яе захапіла і зараз у яе шмат паслядоўніц і вучаніц. Нядаўна выйшла яе кніга “Самы папулярны самавучыцель па вышыўцы”. Падчас выставы, якая прадоўжыцца да канца жніўня, будуць праходзіць і майстар-класы.

Акрамя аб’ёмных карцін, на выставе і дызайнерскія работы - прадметы інтэр’ера. Модныя аксэсуары, адзенне, падушкі, лялькі, розныя ўпрыгажэнні. Увогуле каля 200 экспанатаў.