Маштабны моладзевы форум "ТЭМП-2015" працягваецца

22 июля 2015

Дзясяткі майстар-класаў, адукацыйных трэнінгаў, конкурс сацыяльна значных праектаў і насычаная культурная праграма. Маштабны моладзевы форум "ТЭМП-2015" працягваецца ў нашай краіне. Сёння прайшла, бадай, самая запамінальная экскурсія з праграмы форуму. Гэтай раніцай юнакоў і дзяўчат (а іх было 90 чалавек) прыняў Палац Незалежнасці. Дзве з паловай гадзіны яны аглядалі інтэр'еры рабочай рэзідэнцыі Кіраўніка дзяржавы. Удзельнікам форуму ўдалося пабываць ва ўнутраным дворыку, дзе праходзяць урачыстыя сустрэчы высокіх гасцей, і, вядома ж, у залах палаца. І сёння ж прайшла вялікая экскурсія ў галоўным медыяхолдынгу краіны – Белтэлерадыёкампаніі.

Падрабязнасці трэцяга дня маштабнага моладзевага форуму ў рэпартажы Улады Карніцкай. Ужо трэці дзень беларуская сталіцы жыве ў моладзевым тэмпе. Менавіта пад такой назвай зараз у Беларусі праходзіць маштабны міжнародны форум, які аб'яднаў юнакоў і дзяўчат з васьмі краін свету. Сёння ў праграме адразу некалькі майстар-класаў ад прадстаўнікоў інфармацыйных агенцтваў і спецыялістаў у галіне высокіх тэхналогій.

А яшчэ "ТЭМП" – гэта конкурс сацыяльных праектаў. Кожны з удзельнікаў прывёз свой на прэзентацыю ў Мінск. Магчыма, менавіта тут ідэі знойдуць і сваіх інвестараў – у журы конкурсу бізнесмены і эксперты. Але, бадай, самыя яркія моманты форуму – гэта экскурсіі. Сёння прайшла адна з самых запамінальных: 90 юнакоў і дзяўчат пабывалі ў Палацы Незалежнасці. Дзве з паловай гадзіны моладзь аглядала інтэр'еры рабочай рэзідэнцыі Кіраўніка дзяржавы. Пачалі з унутранага дворыка, дзе праходзяць урачыстыя сустрэчы высокіх гасцей. А далей рабочыя залы Палаца Незалежнасці - тыя самыя, у якіх кожны дзень прымаюцца важныя рашэнні, праводзяцца нарады, міжнародныя сустрэчы, прэс-канферэнцыі і перамовы. Асаблівую цікавасць у моладзі выклікалі залы, дзе сёлета ў лютым праходзіла сустрэча "нармандскай чацвёркі", а ў 2014-м - саміты краін Садружнасці.

Прыгожым фінальным акордам экскурсіі стаў агляд зімовага саду і музея Палаца Незалежнасці. Дарэчы, прыехала ў госці моладзь не з пустымі рукамі. Сувенір – сімвал адной з прафсаюзных акцый - цяпер таксама ў музеі Палаца Незалежнасці.

Кожны дзень "ТЭМПа" праходзіць пад загадзя вызначанай тэмай. Сёння гэта "Бізнес, інавацыі, медыя і інфармацыйныя патокі". Таму адзін з пунктаў праграмы – экскурсія па Белтэлерадыёкампаніі. Тут юнакі і дзяўчаты на некаторы час маглі прымерыць на сябе ролю вядучых інфармацыйных праграм, убачылі працу студыі навін і нават рарытэтныя камеры ў музеі Белтэлерадыёкампаніі.

Ужо заўтра ўсе пункты праграмы форуму будуць аб'яднаныя тэмай "Рэлігія і вера". Удзельнікі "ТЭМПа-2015" змогуць дакрануцца да вечнага ў сталічным храме Усіх святых і асабіста ўбачыць літаратурны набытак беларусаў у галоўнай бібліятэцы краіны.