Манеўры "Захад-2017" распрацоўваліся сумесна генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі

14 сентября 2017

У адпаведнасці з задумай вучэнняў, Беларусь імкнецца не дапусціць развязвання ўзброенага канфлікту і дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне. Самі манеўры распрацоўваліся сумесна генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі. Па такім сцэнарыі пачыналіся ўсе ўзброеныя канфлікты апошнім часам, заявілі ў Міністэрстве абароны. І сёння ж на палігоне Лепельскі ў Віцебскай вобласці адпрацоўвалі практычны розыгрыш баявых і спецыяльных дзеянняў. Там частка сіл 19-ай асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады адпрацоўвала абарону блокпаста. Уладзімір Каралёў назіраў за манеўрамі.

Узаемадзеянне розных родаў войскаў для захавання бяспекі Саюзнай дзяржавы - у Беларусі стартавалі сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2017".

Згодна з задумай вучэння, на палігоне Лепельскі частка тэрыторыі ўжо знаходзіцца пад кантролем пазапраўных узброеных фарміраванняў. Вайскоўцы ставяць кардоны, у гэты час баевікі спрабуюць прабрацца праз блокпост. Невядомы аўтамабіль пад'язджае да кантрольна-прапускнога пункта, падчас праверкі дакументаў адбываецца напад. Хтосьці ў засадзе забівае патрульнага, зараз у баевікоў яшчэ больш зброі. Гучыць каманда "Да бою".

Адбіванне атакі на блокпост ажыццяўлялася дзяжурным аддзяленнем, г.з. не ўвесь састаў кантрольна-прапускнога пункта.

Здавалася б, нязначны эпізод у баі, але менавіта з такіх дробязяў і складаюцца любыя вучэнні. Гэта і ёсць першы этап манеўраў - падрыхтоўка да бою, прыкрыццё важных аб'ектаў. Другі этап будзе прысвечаны ўжо самім навучальна-баявым дзеянням, камандаванне і вайскоўцы дзвюх краін будуць вучыцца сумесна супрацьстаяць умоўнаму праціўніку.