Ліцэй МУС пачынае прымаць першых абітурыентаў

10 мая 2016

Спецыялізаваная ўстанова з'явілася ў Беларусі замест кадэцкага корпуса. Набор праводзіцца адразу ў некалькі класаў, аж да 10-га. А вось ужо з наступнага года трапіць у выключна мужчынскую навучальную ўстанову можна будзе толькі з 7 класа.

Асаблівасці новай школы міліцыі вывучыў Уладзімір Каралёў. Ранні ўздым, ранішняя зарадка, заняткі на пляцу. Вось так пачынаюцца радавыя будні гэтых ліцэістаў. Новая навучальная ўстанова ператворана з былога кадэцкага корпуса. Па сутнасці гэта міліцэйскі аналаг ваеннага Сувораўскага вучылішча.

Страявая, агнявая, медыцынская падрыхтоўкі, асаблівасці юрыспрудэнцыі, штодзённыя фізічныя трэніроўкі. Увогуле, ліцэістам тут нудзіцца не прыходзіцца. Такой падрыхтоўкай задаволеныя і выкладчыкі, бо ў адрозненне ад школьнікаў гэтыя навучэнцы ўрокі не прагуляюць.

Чакаецца, што з пачаткам навучальнага года ліцэй зменіць прапіску. Мінгарвыканкаму загадана аказаць дапамогу па рамонце будынка. А пакуль ліцэй МУС чакае будучых афіцэраў у сваё братэрства.

Усяго ж новая навучальная ўстанова плануе прыняць да 250 чалавек. У большасці выпадкаў гэта будуць дзеці-сіроты і школьнікі, якія ў будучыні плануюць звязаць сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў.