Літаратурны музей Янкі Купалы падрыхтаваў інтэрактыў да школьных канікул

31 марта 2021
Пазнаць творчасць класіка і заахвоціць вывучэннем беларускай гісторыі, культуры і мовы – літаратурны музей Янкі Купалы рэалізуе спецыяльныя праекты для дзяцей.  

Круглы год установа ладзіць экскурсіі, лекторыі і перасоўныя выставы для школьнікаў, а да канікул музейныя работнікі прапануюць інтэрактыў. Наталля Бардзілоўская запрашае ў падарожжа па экспазіцыях. 

Музей Янкі Купалы – школьнікам

Купалавы рукапісы, фота, асабістыя рэчы... Цяпер экспазіцыю паэта разнастаіў  імправізаваны сад з райскімі птушкамі. Побач з манументам Песняра  - багіня Марэна. Суседства - часовае. Падчас веснавых канікул музейшчыкі паказваюць  малодшым школьнікам "Гуканне вясны". Абрад-інтэрактыў - падарожжа новага пакалення ў  найстаражытнейшыя часы, калі нашы прашчуры развітваліся з зімой - заклікалі вясну асаблівымі рытуаламі. Спявалі, вадзілі карагоды і абавязкова майстравалі сімвалічных птушачак: звычайна, нашы прапрапрабабулі выпякалі жаваранкаў з цеста. У музеі паўказачных крылатых робяць з паперы. 

Ярыла “адчыняе” зямлю, Ляля прыносіць квецень і росквіт… Але, гэты музейны інтэрактыў – не толькі пра веснавых язычніцкіх багоў. У гадзіну гульнявога мерапрыемства арганізатары ўмяшчаюць лекторый з загадкамі пра іншыя поры года. Ад цераблення лёну падае кастрыца? Шукайце ў корані месяца “кастрычнік”. А сярэдзіна лета паходзіць ад назвы дрэва, квецень якога – у смачнай гарбаце (гэта пра “ліпень”). І пра ўсе 12 месяцаў дзецям тут паспяваюць даць змястоўныя аўтэнтычныя веды.

У музеі Купалы адсочваюць усе святы гадавога абрадавага календара. Не першы год тут ладзяць Каляды, Масленіцу, Гуканне вясны, Купалле, Багач. У межах этнапраекта супрацоўнікі ўстановы знаёмяць наведвальнікаў не толькі з традыцыямі беларускіх народных свят - прапануюць на гэтыя святы паглядзець праз прызму купалаўскай паэзіі.

Закладкі з паэтычным росчыркам Купалы і арнаментальныя падстаўкі для кубачкаў – такія сімвалічныя прызы-падарункі стымулююць удзельнікаў яшчэ аднаго канікулярнага інтэрактыву… Квэст – форма, да якой купалаўскі музей  звяртаецца ўжо з дзясятак гадоў. На рахунку – пад сотню тэматычных гульнявых распрацовак. Сёння для старшакласнікаў музей падрыхтаваў дзею пад назвай "Код\т Купалы".

Восем залаў, 22 калекцыі і каля 40 тыс. прадметаў! Здавалася б музейныя стацыянарныя экспазіцыі з іх "багаццем" – даўно вядомыя. Але… кожны раз, гледзячы на дзіцячыя ці маладзёжныя праекты, здзіўляешся варыяцыям і прыдумкам музейшчыкаў. Іх пуцявод па музеі - у пастаяннай дапрацоўцы.