Летняя спартакіяда лясгасаў ладзілася ў Маладзечне

10 июля 2015

Традыцыйны конкурс аб’яднаў 19 каманд, а гэта амаль паўтысячы ўдзельнікаў з усіх раёнаў вобласці. Спаборніцтвы адбыліся па сямі відах спорту. Гэта валейбол, міні-футбол, гіравы спорт, дартс, лёгкая атлетыка, настольны тэніс і шашкі.

Расказвае Юлія Токар. Маладзечанскі Лядовы палац трэці раз становіцца гаспадаром летняй спартакіяды лясгасаў. Сёлета спаборніцтвы ладзяцца дваццаты раз запар і аб’ядноўваюць амаль паўтысячы работнікаў лесу з усёй вобласці.

Цімур Віяленцій ужо сем гадоў працуе інжынерам па ахове лесу. На гэтых спаборніцтвах удзельнічае не ўпершыню. Сярод усіх відаў спорту аддае перавагу настольнаму тэнісу. І прызнаецца, што мае поспехі.

Валейбол, міні-футбол, лёгкая атлетыка - спаборнічаюць па сямі дысцыплінах. Упершыню ўдзел бяруць і жанчыны. Дарэчы, гэта не адзінае новаўвядзенне сезона. На гэты раз алімпіяду лясгасаў праводзяць у адзін дзень.

Гэтая пляцоўка сёння падзелена на тры зоны. Адначасова праходзяць спаборніцтвы па валейболе (гуляюць чатыры каманды) і дартсе. Дарэчы, гэты від спорту аднавілі на сёлятней спартакіядзе.

Такія спаборніцтвы аб’ядноўваюць работнікаў раённых лясгасаў і падтрымліваюць камандны дух.

Наступнае лета зноў аб'яднае работнікаў лесу з усёй вобласці. Спартакіяда пройдзе таксама тут, у Маладзечне.