Летні лагер да юных айцішнікаў пад Барысавам

15 августа 2018

У летнім дабрачынным лагеры пад Барысавам больш за 100 школьнікаў адправіліся ў свет высокіх тэхналогій.

За 10 дзён дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, са шматдзетных альбо няпоўных сем'яў пазнаёмяцца з праграмаваннем і змогуць асвоіць англійскую мову. У лагер да юных айцішнікаў завітала і Наталля Кезік.

Сабраць робата за некалькі гадзін. Дар'я Балыка з маленькіх дэталей хутка збірае машыну, якая самастойна можа рухацца альбо, напрыклад, распазнаваць колер. Школьніца ў IT-лагеры адпачывае другі год запар. Заняткі ў секцыі робататэхнікі абавязковыя ва ўласным раскладзе.

Акрамя робататэхнікі, у дабрачынным сацыяльным лагеры дзеці вывучаюць англійскую мову падчас настольных гульняў альбо прагулак. А на ўроках па праграмаванні пішуць сцэнарый уласнай гульні.

У раскладзе гэтага лагера ў дзяцей ёсць тры абавязковыя заняткі – гэта ўрокі англійскай, праграмавання і soft skills. Увесь астатні час з дзясятак майстар-класаў – ад танцаў і спорту да матэматыкі. Больш за тое, у канцы змены заняткі па інтарэсах дзеці будуць арганізоўваць сабе самастойна, без удзелу настаўнікаў.

Урокі ў лагеры значна адрозніваюцца ад школьных. Яны, напрыклад, праходзяць не за партамі, а на ўзлеску. Калі не зацікавіла тэма, то заняткі можна пакінуць. Але такіх выпадкаў на гэтай змене пакуль не было.

Дабрачынны IT-лагер збірае дзяцей разам другі год запар. Сёлета пазнаёміцца з высокімі тэхналогіямі змаглі 100 школьнікаў з невялікіх гарадоў і вёсак Мінскай вобласці, а таксама дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і падапечныя SOS-вёскі ў Бараўлянах. З імі тут працуюць 15 трэнераў-валанцёраў.

На заключным семінары дзеці прэзентуюць уласныя сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя праекты.