Куды схадзіць і што паглядзець эстэтам на выхадныя - у рубрыцы "Праменад"

14 апреля 2023

"Музыка ад сэрца" ў суботу прагучыць у камернай зале Белдзяржфілармоніі. Партытуры Рахманінава, прэлюдыі, эцюды-карціны і мініяцюры пачуем у выкананні навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі. У афішы - не толькі камерная, вакальная і харавая музыка. Музіцыраваць без выхадных гатовы Вялікі тэатр Беларусі. На акадэмічнай сцэне адразу два тэатральныя хіты - балет "Дон Кіхот" і оперны бестселер "Тоска". У прэм'ерным рытме жыве Купалаўскі. У рэпертуары папаўненне - па-новаму абыгралі вядомы шэкспіраўскі тэкст.

Куды схадзіць і што паглядзець эстэтам на выхадныя і не толькі - у рубрыцы "Праменад". 

Кананічную пазіцыю з балетнай карты сусветных акадэмічных пляцовак ужо ў нядзелю чакаем на сцэне Вялікага. Самы мажорны па сюжэце і харэаграфіі спектакль на акадэмічных падмостках мы назіралі ў шасці варыяцыях. Адна з улюбёных версій гледача пэндзля Валянціна Елізар'ева не сыходзіла са сцэны 30 сезонаў. У цітрах балетмайстра і суаўтара лібрэта балета ўзору 2023-га таксама знойдзем ініцыялы маэстра.

Сёмая рэдакцыя іспанскага хіта разагрэе вясновую афішу Вялікага ў два падыходы. Рытмічны стук кастаньет у дэкарацыях гарачай Барселоны пачуем у нядзелю, пачаць працоўны тыдзень у інтанацыях Людвіга Мінкуса і сачыць за жыццёвымі сцэнарыямі "Рыцара сумнага вобраза" Сервантэса гатовы і ў панядзелак. Забяспечаны не толькі шчаслівы фінал з вясельнай працэсіяй, але і дэбютныя па ад гераіні Кітры - балерыны Вікторыі Трэнкінай.

Жыла мастацтвам - гэтай опернай арыяй для сапрана Вялікі нагадае эстэтам, што ў некаторых драмах няма герояў, ёсць толькі ахвяры. Сюжэт, які расказвае пра пачуцці спявачкі Флорыі Тоскі і мастака-паўстанца Каварадосі на акадэмічнай сцэне разыграюць у суботу. Вялікая гісторыя кахання і здрады ад Джакама Пучыні адправіць гледача наўпрост у Рым.

"Рамэа і Джульета". Версія 2023. Рэпертуарную афішу Купалаўскага   папоўніла касцюмная трагедыя Уільяма Шэкспіра. Праўда, прэм'ерны спектакль змяніў сюжэтную геалакацыю, якую нам завяшчаў аўтар. Драму кланаў Капулеці і Мантэкі разыграюць не ў дэкарацыях італьянскай Вероны, а ў савецкай камунальнай кватэры.

Шарм Шэкспіра на мове - такі сюжэтны паварот у класіцы разглядзеў Данііл Філіповіч. Для сцэны Купалаўскага гэты спектакль пяты ў партфоліа рэжысёра. Эмацыянальны кантраст упакаваў у два дзеянні. Калі першае - фарс, другое - трагедыя. Выпускнік ГІТІСа дазволіў сабе яшчэ адну варыяцыю і змяніў род дзейнасці кланаў - фокус на фінансавыя сваркі, цяпер Мантэкі і Капулеці аспрэчваюць першынство ў кветкавым бізнэсе.

Выйсці за фармат палатно - алей і здзейсніць падзенне ў свет VR-абстракцыянізму. Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Глебава ангажыруе ў арт-прастору галерэі "Акно" на візуальны дыялог з віртуальнай рэальнасцю. Праект SpaсeARt - зашыфраваны ў qr-кодах анансуе і пашырэнне сюжэтнага дыяпазону Глебаўкі, плануюць першы набор на спецыяльнасць "дызайн, мультымедыя".

На 5 стагоддзяў у мінулае прапануе вярнуцца Нацыянальная бібліятэка. На суд кінаманаў і эстэтаў - праменад па складзе "Песні пра зубра" Мікалая Гусоўскага. Раскадроўку магнум опуса аўтара ў жывапісе, графіцы і каліграфіі можна ацаніць да 500-годдзя першага выдання паэмы. Такім быў арт-дайджаст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.