Гарбарны рынак Беларусі перанаселены пасрэднікамі

27 сентября 2017

І гэта пры тым, што ўласныя прадпрыемствы ў галіне закупліваюць сыравіну за мяжой. Гэтай тэме была прысвечана калегія Камітэта дзяржкантролю на чале са старшынёй ведамства Леанідам Анфімавым. Эфектыўнае выкарыстанне наяўных сыравінных рэсурсаў з'яўляецца залогам эканамічнай бяспекі дзяржавы. Для Беларусі адным з такіх рэсурсаў з'яўляецца гарбарная сыравіна. Не так даўно на прадпрыемствах галіны была праведзена мадэрнізацыя. Але, як высветлілі ў наглядным ведамстве, значны аб'ём сыравіны вывозіцца за мяжу па заніжанай цане, пры гэтым айчынныя кампаніі вымушаныя закупліваць скуру за мяжой.

Уладзімір Каралёў аб выніках праверкі.

Cхема, па якой зараз працуюць многія гарбарныя прадпрыемствы Беларусі, зараз выглядае, мякка кажучы, нелагічна. Гэта звесткі Дзяржкантролю. Нягледзячы на даручэнне Кіраўніка дзяржавы аб эфектыўнай перапрацоўцы ўсёй гарбарнай сыравіны, якая нарыхтоўваецца ў краіне, сітуацыя выглядае зусім інакш. З краіны па-ранейшаму вывозяцца неапрацаваныя шкуры буйной рагатай жывёлы, экспарт якіх за два гады вырас больш чым у 5 разоў. І гэта пры тым, што ўласнае абсталяванне фактычна прастойвае.

Уладзімір Кухараў, намеснік старшыні КДК Беларусі: "Абсталяванне загружана толькі на 50%. Гэта прыводзіць да таго, што ў вытворцаў гатовай прадукцыі - абутковай, гарбарнай, мэблевай доля айчыннай скуры складае да 20%. А ўсё астатняе завозіцца з-за мяжы. І дзяржава траціць штогод каля 13 млн долараў на набыццё скуры з-за мяжы. Дзяржкантроль высветліў, што для беларускіх кампаній на набыццё такой скуры прызначалі адну цану, а для афшорных цана была значна ніжэйшай. Як вынік - айчынныя фірмы закуплівалі сыравіну за мяжой, выкарыстоўваючы валюту".

Чаму для ўнутранага рынку скура каштуе даражэй, чым для прадпрыемстваў Еўропы, Індыі і Кітая, зараз разбіраюцца ў Дзяржкантролі. Але і па продажы сыравіны ў нагляднага ведамства ёсць шмат пытанняў. Часта пакупнікамі ў такіх здзелках выступаюць пасрэднікі, зарэгістраваныя ў афшорах.

З-за крымінальнага характару пасрэдніцкіх здзелак фінансавай міліцыяй сёлета ў ліпені ўзбуджана крымінальная справа. Некалькі грамадзян Беларусі, выкарыстоўваючы рэквізіты падкантрольных фіктыўных кампаній, зарэгістраваных у Вялікабрытаніі і Ганконгу, набывалі гарбарную прадукцыю на беларускіх прадпрыемствах і пасля рэалізоўвалі яе ў краіны Еўрасаюза. Прадавец нёс вялізныя выдаткі, абмяжоўваючыся нізкай рэнтабельнасцю, па сутнасці зводзіў канцы з канцамі. Квітнеў толькі пасрэднік. З-за крымінальнага характару шэрагу такіх здзелак фінансавай міліцыяй узбуджана крымінальная справа.

У Дзяржкантролі паведамляюць, што львіная доля паўфабрыкатаў скуры вывозіцца за мяжу праз пасрэднікаў, абмінуючы прамыя пастаўкі на прадпрыемстве. Пазней з беларускага паўфабрыката гатовая скура з-за мяжы зноў увозіцца да нас, але ўжо з сур'ёзнай нацэнкай. А мадэрнізаванае абсталяванне па апрацоўцы проста прастойвае. Дырэктар аднаго з гарбарных прадпрыемстваў запэўнівае: не маючы грошай, толькі пасрэднікі дапамагаюць трымацца кампаніі на плаву. Пасярднікі выкарыстоўваюцца нават падчас закупкі сыравіны ў мясакамбінатаў.

Неапрацаваныя шкуры і гарбарныя паўфабрыкаты працягваюць вывозіцца з краіны з выкарыстаннем камерцыйных схем. І нягледзячы на праведзеную мадэрнізацыю гарбарныя прадпрыемствы краіны не забяспечваюць патрэбнасць абутковых, мэблевых і іншых арганізацый. Ураду накіраваны шэраг даручэнняў і прапаноў па выхадзе сітуацыі.