Катэджы для шматдзетных і новыя арэндныя дамы - пра новыя трэнды будаўніцтва жылля ў Мінску

16 июня 2022
У сталіцы сёлета пабудуюць амаль 900 тысяч квадратных метраў жылля. Аднымі з навасёлаў стануць і мінчане, якія пераедуць у Смалявічы. Сёлета ў горадзе-спадарожніку здадуць чатыры дамы. А разам з імі і дзіцячы сад. 

Яшчэ адзін трэнд Мінска - узвядзенне катэджаў для шматдзетных сем'яў. Такія будуюць у мікрараёне Сокал (што недалёка ад Нацыянальнага аэрапорта). З'явяцца сёлета на карце мегаполіса і новыя арэндныя дамы. 

Падрабязней - Аляксей Кандраценка. "Вясна" ўжо камфортна пражывае, "Лета" рыхтуецца да наваселля, а на чарзе - "Восень" і "Зіма". У жылога квартала "Поры года", які размясціўся ў паўднёва-заходняй частцы Мінска, свой асаблівы паэтычны характар. Натхніцца ім змогуць найперш шматдзетныя сем'і. У тым ліку і для іх тут пабудуюць 7 дамоў. Нягледзячы на фасадную лірыку дэкору, у будынкаў прыкметная ўрбаністычная прагматыка. Так, 19-павярховая новабудоўля з летняй серыі - арэндны дом. Ля будынка свая велапаркоўка, дзіцячая пляцоўка. А яшчэ зручнае перамяшчэнне ў пад'ездзе. 

Усяго ж у квартале будзе 850 кватэр. А ў найбліжэйшыя гады побач з "Порамі года" ўзвядуць і школу, а таксама дзіцячы сад.

Нямала сталічных шматдзетных сем'яў за апошні час пераехалі ў мікрараён Сокал. Гэта аддаленая частка сталіцы недалёка ад аэрапорта са сваімі бонусамі. Сярод якіх адзін з галоўных - прастора і адсутнасць прамысловасці. 

Метраж кватэр у такіх таунхаусах - ад 100 да амаль 140 метраў. Дамы дзеляцца на пяць тыпаў: усюды прадугледжаны прасторная гасціная, невялікія тэрасы з выхадам у двор. 

Усяго ў новым квартале Сокала ўзвядуць 82 дамы, а гэта больш за 160 чатырох- і пяціпакаёвых кватэр.

Навасёламі хутка стануць і мінчане, якія выбралі месцам жыхарства Смалявічы. У горадзе-спадарожніку сёлета здадуць 4 дамы, а таксама новы дзіцячы сад. Тут пачалі будаваць другі гандлёвы цэнтр, на чарзе і новая школа.