Комплекснае абслугоўванне і шматфункцыянальнасць - акцэнт у развіцці прыдарожнага сэрвісу

30 августа 2019

Каб зручна і па шляху. Разнастайнае меню, якаснае абслугоўванне і магчымасць атрымаць усе паслугі ў комплексе. Такім жадаюць бачыць беларускі прыдарожны сэрвіс турысты, транзітныя пасажыры і нашы аўтааматары. Таму ўсё больш новых аб'ектаў - гэта не проста пункты грамадскага харчавання, а шматфункцыянальныя комплексы, дзе можна смачна паабедаць, заправіць або адрамантаваць аўто. Як канкурэнцыя падганяе да развіцця - ведае Марына Раманоўская.

Палюбавацца прыгажосцю беларускай прыроды не на хаду, а ва ўтульнай зале за шклянкай кавы, прапаноўваюць у прыдарожным рэстаране пад Брэстам. Побач стык трох меж - беларускай, польскай і ўкраінскай. Таму замежных гасцей тут заўсёды шмат. Для тых, хто стаміўся ў дарозе, - нумары рознага класа камфорту.

А гэта ўжо паўночны рэгіён краіны. За тры гады ля магістраляў, якія праходзяць праз Віцебскую вобласць, узвялі без малога 30 новых аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Акцэнт робяць на комплекснае абслугоўванне. Акрамя меню на дзвюх мовах прапаноўваюць дадатковыя паслугі, напрыклад, камплектаванне дарожных набораў або правядзенне бясед.

У Віцебскай вобласці больш  як 250 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Гэта як буйныя шматфункцыянальныя, дзе можна паабедаць, заправіць аўто і адпачыць з дарогі, так і невялікія кафэ. З акцэнтам на мясцовы каларыт.

Жыхары вёскі Арэхаўна памятаюць, як яшчэ некалькі гадоў таму тут ля дарогі стаяў паўразбураны будынак. Зусім не прывабны краявід для падарожнікаў. Навесці парадак вырашылася Вольга Міцкевіч. Прадпрымальнік спачатку адкрыла магазін, а пазней кафэ. Прапаноўваюць снеданні, комплексныя абеды, стравы беларускай кухні. Бізнес пашыраецца - гасцей гатовыя прымаць у новай банкетнай зале.

Вольга Міцкевіч, дырэктар кафэ: "У нас дарога рэспубліканскага значэння. Ідзе на Катлоўку. Шмат латышоў, літоўцаў, палякаў. Усім падабаецца, прыязджаюць да нас".

Сяргей Шматаў, намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама: "Наколькі выгадны гэты бізнес? Ён запатрабаваны, а значыць, і выгадны. Падарожнікі жадаюць камфартабельна спыніцца, атрымаць паслугі і пакінуць уласныя грошы".

Больш як 10 відаў кавы, духмяная выпечка, вай-фай, тэлебачанне. Гэта прыдарожнае кафэ ва Ушацкім раёне нядаўна мадэрнізавалі. Абнавілі інтэр'ер, папрацавалі над меню, і гасцей стала больш. На вітрыне - сувеніры, а таксама інфармацыйныя буклеты пра край азёр.

Валянціна Хамянок, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама: "Тут і тэлевізар можна паглядзець, і адпачыць, і смачна паесці. Шмат гарачых напояў. Месца такое, што карыстаецца попытам".

Трасу Р-46 чакае маштабная рэканструкцыя. Таму і прыдарожная інфраструктура, гавораць мясцовыя ўлады, павінна быць адпаведнай. Аптымальна, каб побач з заправачнай станцыяй, магазінам і пунктам грамадскага харчавання з'явіўся і аўтасэрвіс.