Кола часу на рэтраматацыклах у Вілейскім і Мядзельскім раёнах

25 июня 2018

Кола часу на рэтраматацыклах. Вілейскі і Мядзельскі раёны сталі месцам сустрэчы VI міжнароднага фестывалю матацыклаў з гісторыяй. Сёлета ўдзельнікаў сабралася больш за сотню. Байкеры на рэтрамашынах з Расіі, Літвы, Латвіі, Чэхіі і Фінляндыі з'ехаліся ў вёску Людвінова, што ў Вілейскім раёне.

У планах і невялікае падарожжа. Экскурсіі працягласцю сотню кіламетраў з прыпынкамі ў невялікіх вёсках і на беразе нарачанскіх азёр. Ваяж у рэтрафармаце ажыццявіла і Наталля Кезік.

Сто кіламетраў ад сталіцы разам пераадолелі за дзве гадзіны. Алег Казак на свайго рэтрасябра паспадзяваўся недарэмна. Матацыкл 59-га года выпуску і сёння з лёгкасцю калясіць па дарогах, вось толькі з невялікай хуткасцю. Байкамі Алег Казак захапляецца з юнацтва. Італьянскі Gilera з яго калекцыі – матацыкл абмежаванай юбілейнай версіі, іх у свет выпусцілі не больш за тысячу. Алег набыў гэту мадэль тры гады таму. Год патраціў на рэстайлінг. І зараз экзэмпляр з гісторыяй захоўвае не ў гаражы, а ва ўласнай кватэры.

Уладзімір Шышко на сустрэчу з байкерамі сёлета з Вільнюса прыехаў з унукам Марцінам. Юнак нядаўна таксама захапіўся рэтрамадэлямі. Але вывучаў гісторыю матацыклаў пакуль толькі ў кнігах. А на фестывалі ўзроставыя мадэлі “Іж”, “Ява”, “Мінск” убачыць можна ўжывую і канструктарскія часопісы гартаць не трэба.

Сёлета на міжнародны фестываль прыехалі больш за сто байкераў. Завіталі не толькі беларускія аматары рэтратэхнікі, але і госці з Фінляндыі, Эстоніі, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Расіі. Таму фармат сустрэчы арганізатары вырашылі пашырыць.

Удзельнікі фестывалю “Кола часу” на дзень сустрэчы таксама запланавалі невялікае падарожжа па крывіцкіх мясцінах. Вандроўка даўжынёй сотню кіламетраў абавязкова з перапынкамі на пешыя прагулкі і экскурсіі.

Браты Віталь і Алег Гапановічы арганізоўваюць фестываль шосты год запар. Спачатку майстры ва ўласных гаражах літаральна па запчастках рэстаўравалі матацыклы-старажылы. Аднадумцаў знайшлося шмат, таму рэтраралі паступова набыло статус міжнароднага.

Самі ўладальнікі матацыклаў з гісторыяй называюць сябе мастакамі - свае мадэлі яны збіраюць па крупінках. І галоўнае для іх - захаваць рэтраэкзэмпляры тэхнічнай спадчыны.