Кісла-салодкі фестываль у Батанічным садзе

17 октября 2016

На журавінавае свята сабраліся аматары карыснай ягады. Чырвоныя "пацеркі" каштавалі, разыгрывалі і набывалі. Па 3 рублі за кілаграм. Акрамя барвовых ягад, наведвальнікам прапаноўвалі карысныя расліны з гадавальніка і аранжарэі - кізіл, глог, гуаву. Некаторыя нават прыйшліся даспадобы маленькім рукадзельнікам - з рабіны і каліны дзеці стваралі дэкаратыўныя ўпрыгажэнні і гулялі ў ягадны квэст. А ўжо вырабы hand-made ад прафесіяналаў можна было прыдбаць у горадзе майстроў.

Алена Сакурэнка, загадчыца сектара інфармацыйна-асветніцкай работы Батанічнага сада: “У цэнтры ўвагі нашы буйнаплодныя журавіны - непасрэдна прадукцыя нашага Батанічнага сада. Журавіны мы вырошчваем на плантацыях Батанічнага сада ў Ганцавічах. Гэта экалагічна чысты прадукт, вельмі карысны, які ніколькі не саступае лясным журавінам”.

Ірына Аношанка, экскурсавод Батанічнага сада: “Можна пасадзіць некалькі вазонаў садовых журавін у сябе на гародзе. Яны ў нас, дарэчы, прадаюцца ў магазіне, можаце купіць. І вось у кастрычніку і ў лістападзе ў вас ляжаць такія чырвоныя ягадкі. Ягады ляжаць вельмі доўга. Галоўнае – выконваць умовы захоўвання”.

Для заўзятых садаводаў у Батанічным садзе стартавалі экскурсіі ў ліманарый. Даведацца пра асаблівасці вырошчвання цытрусавых можна да канца восені.