Які стандарт адзення зацверджаны Міністэрствам адукацыі і што прапаноўваюць школьнікам швейныя прадпрыемствы?

3 августа 2022

Менш як месяц застаецца да пачатку навучальнага сезона. І сёлета з 1 верасня кожная школа ці гімназія павінна мець асабісты адметны элемент у адзенні і абавязкова з лагатыпам. Такі стандарт зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

Што прапаноўваюць нашы швейныя прадпрыемствы і чаму аддаюць перавагу дзеці і бацькі - школьны гардэроб і асартымент спецыялізаваных кірмашоў вывучыў Уладзіслаў Бондар.

Школьная форма: новыя калекцыі адзення для вучняў

Паспець сабрацца ў школу да 1 верасня - задача для дзяцей і бацькоў. А для трыкатажнай фабрыкі ў Салігорску, дзе адшываюць школьную форму, першы званок гучыць на месяц раней, калі пачынаецца масавы продаж.

За гэтае лета на салігорскім прадпрыемстве адшыюць прыкладна 150 мадэляў школьнага адзення. Блузкі, джэмперы і камізэлькі, спадніцы і касцюмы. Гэта прыкладна чвэрць усёй гадавой вытворчасці.

Распрацоўкай і пашывам адзення дзелавога стылю салігорскія швейнікі займаюцца на працягу ўсяго года. Таму і да новаўвядзення гэтага навучальнага года - адзінага элемента ў адзенні для кожнай школы - тут аказаліся падрыхтаванымі. Ёсць што прапанаваць навучальным установам, пракансультаваць і аформіць заяўку.

Для таго каб школам было прасцей вызначыцца са сваёй формай, Салігорская трыкатажная фабрыка, як і іншыя прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам", у розных гарадах краіны арганізоўваюць выставы. На такіх прэзентацыях - варыянты адзення як для юнакоў, так і для дзяўчат. Для апошніх, дарэчы, асартымент больш разнастайны.

Школьныя кiрмашы прапаноўваюць шырокі асартымент тавараў

Першыя школьныя кірмашы ў сталіцы і цэнтральным рэгіёне разгарнуліся яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. Асартымент адзення для вучняў тут шырокі. Набываюць з улікам пажаданняў навучальных устаноў.

У сваім новым сарафане закружылася і трэццякласніца Каміла Грыбок. У яе школе адзінае абмежаванне па дрэс-кодзе - шэры колер.

На школьных кірмашах можна набыць не толькі адзенне і абутак, а і партфелі, канцылярскія тавары, кнігі, сшыткі і дзённікі. Толькі ў Мінскай вобласці разгарнулася 65 спецыялізаваных гандлёвых лакацый.