Як правесці свята без наступстваў

21 декабря 2016

Бяспечны Новы год... Напярэдадні святаў  ратавальнікі правяраюць месцы масавага адпачынку, палацы культуры і кафэ. 

Пад пільным наглядам супрацоўнікаў МНС  дзіцячыя ранішнікі і канцэрты. Пра што трэба ведаць, каб правесці свята без наступстваў, - у Наталлі Кузьміцкай.

У артыстаў - апошнія рэпетыцыі на сцэне, амаль завершана ўпрыгожванне канцэртнай залы. 24 снежня ў Лагойскім раённым цэнтры культуры   прэм’ера навагодняга мюзікла. Аднак перш чым гледачы ацэняць новую пастаноўку - інспектар аддзела па надзвычайных сітуацыях Максім Сямёнаў правядзе прафілактычны агляд і абавязковы інструктаж па правілах пажарнай бяспекі. 

Сустрэчы з адказнымі за пажарную бяспеку там, дзе сустракаюць Новы год у вялікіх кампаніях, кафэ і рэстаранах, турыстычных комплексах, супрацоўнікі МНС праводзяць на працягу снежня. За гэты час большасць самых папулярных аб’ектаў для адпачынку ў Мінскай вобласці праверылі. Некаторым гаспадарам выдадзены спіс заўваг, якія тэрмінова неабходна выправіць. 

Папераджальныя рэйды і дбайнасць гаспадароў прыводзяць да пэўных вынікаў.  За апошнія некалькі гадоў у вобласці не зафіксавана ніводнага надзвычайнага  выпадку менавіта  ў месцах масавага знаходжання людзей падчас зімовых святаў.

Да 8 студзеня ратавальнікі будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Пад асаблівы кантроль трапяць тыя месцы, дзе знаходзяцца дзеці. Інспектары папрысутнічаюць на ўсіх ранішніках і канцэртах.  

У перадсвяточныя і святочныя дні ў цэнтры ўвагі, зразумела, установы адукацыі, дзіцячыя сады і школы, а іх у раёне каля 50 правераны на наяўнасць першасных сродкаў пажаратушэння і веданне адказнымі спецыялістамі планаў эвакуацыі.