Як дыягнастуюць асабліва небяспечныя вірусы

8 ноября 2017

Важкі ўклад у развіццё беларускай эканомікі ўносяць распрацоўкі і даследаванні нашых навукоўцаў, якія прымяняюцца ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку і ахове здароўя. Нашы карэспандэнты вырашылі даведацца, як у нас дыягнастуюць асабліва небяспечныя вірусы і ці можна засцерагчы сябе ад інфекцый з улікам маштабаў міграцыі і турыстычных патокаў? А таксама якія вірусы зараз даследуюць навукоўцы Беларусі, Расіі і Вялікабрытаніі?

Наталля Тарасюк прадоўжыць. Менавіта ў гэтай лабараторыі Навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі даследавалі каля двух дзясяткаў проб з ліхаманкай Эбола. Самая буйная ўспышка захворвання ў 2014-2015 гадах выйшла за межы Заходняй Афрыкі і забрала жыцці больш чым 10 тысяч чалавек. Падазрэнні, што вірус дасягнуў і перасёк межы Беларусі, ні разу не пацвердзіліся.

Для даследавання, напрыклад, з плазмы крыві вылучаюць генетычны матэрыял вірусаў і бактэрый (ДНК альбо РНК). Затым ужо ў іншым памяшканні гатовая проба змяшчаецца ў ампліфікатар. Станоўчая яна ці адмоўная - стане зразумела праз 6 гадзін.

Зараз спецыялісты цэнтра вывучаюць нававірус або, прасцей кажучы, кішачны грып. З 2015 года ў краіне зарэгістравана больш за дзесяць выпадкаў. На выхадзе ў малекулярна-эпідэміялагічнай характарыстыцы спецыялісты адлюструюць шлях трапляння віруса, рэгіёны, у якіх ён сустракаецца, а таксама ўзрост людзей, якія яму схільныя.

За найбліжэйшыя пяць гадоў супрацоўнікі цэнтра распрацуюць алгарытм дзеянняў пры гепатыце Е. І калі гэта задача для навукоўцаў Беларусі, то вось для іх калег з Расіі ў прыярытэце даследаваць з'яву каінфекцыі, калі клетку заражаюць некалькі вірусаў - напрыклад, ВІЧ і гепатыт С.

Важна зразумець, як больш эфектыўна ўзяць пад кантроль інфекцыі. Больш за 400 спецыялістаў з Беларусі, Ірана, Вялікабрытаніі, Расіі і Латвіі выказалі свае прапановы і падзяліліся вынікамі працы на профільнай канферэнцыі ў Мінску ў пачатку лістапада.

Загадзя сябе засцерагчы ўдасца не заўсёды. Не супраць усіх інфекцый распрацаваныя вакцыны. Але менавіта прышчэпкі паклалі канец, напрыклад, эпідэміям воспы, адзёру, халеры. Часам хваробы ўсё ж вяртаюцца – успышку дыфтэрыі ў 90-х у краінах Савецкага Саюза звязваюць менавіта з паўзай у вакцынацыі.

У выпадку з грыпам прышчэпку можна зрабіць. Для Беларусі арыенцір і на гэты сезон - вакцынаваць не менш чым 40 % насельніцтва.

Супрацьэпідэмічная бяспека ў нашай краіне на вельмі добрым узроўні, адзначаюць навукоўцы, дзякуючы суладнай працы ўсіх спецыялістаў: вірусолагаў, мікрабіёлагаў, урачоў і санітарнай службы.

Міграцыя і турызм павышаюць шанцы вірусаў распаўсюдзіцца. Аднак да Беларусі ні ліхаманка Зіка з Лацінскай Амерыкі, ні Марбург з Афрыкі, ні каронавірус з блізкаўсходняга рэгіёна не дабраліся.