Да святкавання Дня Незалежнасці далучыліся ў Магілёве

3 июля 2019

Да святкавання Дня Незалежнасці далучыліся ў Магілёве. Там у гэтыя хвіліны стартуюць масавыя гулянні. На сувязі наш карэспандэнт Андрэй  Ястрабаў

Магілёў віншуе ўсю Беларусь з Днём Незалежнасці. І Буйніцкае поле для старту марафону мерапрыемстваў выбрана не выпадкова.  Гэта сапраўдны сімвал гераічнасці. Менавіта тут у 1941 годзе чырвонаармейцы пры падтрымцы гараджан стрымлівалі нямецкую армію 23 дні.

Да мемарыяла ўшанаваць памяць герояў, павіншаваць ветэранаў прыйшлі  сотні гараджан і жыхароў раёна. Грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі прадпрыемстваў, вайскоўцы, моладзь - усе яны падтрымалі акцыю "Беларусь памятае". Хвіліна маўчання,  і шматлікія букеты кветак леглі да падножжа капліцы.

Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас ветэранаў. Яны і сёння не стрымлівалі слёз, успамінаючы ваенныя гады. І  радасць за мірнае неба вось ужо 75 гадоў.

Ускладанне ў Буйнічах  дало  старт шматлікім мерапрыемствам свята. Ва ўсіх райцэнтрах рэгіёна пройдуць мітынгі, канцэрты. У Магілёве гараджан і гасцей свята пачастуюць салдацкай кашай, выступяць лепшыя самадзейныя калектывы. Вялікая праграма для дзяцей у парку "Падніколле". 

 Вечарам на плошчы Славы ў Магілёве гараджан і гасцей чакае вялікая канцэртная праграма. Адкрые яе ўрачысты марш часцей  Магілёўскага ваеннага гарнізона.