"Мы гатовы да палёту, выканаем усё на 100 %, нават больш". У Зорным гарадку праводзілі экіпажы на Байканур

6 марта 2024

Урачыстыя праводзіны на Байканур сёння прайшлі ў Зорным гарадку. Наперадзе двухтыднёвая перадстартавая падрыхтоўка асноўнага і дубліруючага экіпажаў. А потым - арбіта. Сярод удзельнікаў дзве беларускі, дзякуючы якім наша краіна робіць крок у асваенне космасу. Абедзве дзяўчыны прайшлі складаны адбор, на роўных удзельнічалі ў выпрабаваннях бязважкасцю, холадам і вадой. Але да зорак адправіцца толькі адна - Марына Васілеўская. А для яе дублёра Анастасіі Лянковай, магчыма, усё яшчэ наперадзе. Чаму ўрачысты сняданак перад адпраўкай на Байканур праходзіў у закрытым рэжыме? І які талісман перадала дачцэ Наталля Лянкова? Пра эмоцыі цяпла і любові расказала Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Па традыцыі праводзіны асноўнага і дубліруючага экіпажаў на Байканур пачынаюцца са сняданка. Ён праходзіць у закрытым рэжыме. Прэсу не пускаюць, прысутнічаюць толькі калегі і члены сям'і.

Такая закрытасць толькі дзеля здароўя членаў экіпажа. Прад палётам нельга захварэць, таму кантакт з вялікай колькасцю людзей строга забаронены. Журналісты ўсё разумеюць і цярпліва чакаюць на вуліцы. Ажыўляюцца, калі ўдалечыні з'яўляюцца фігуры касманаўтаў. Мяркуючы па ўсмешках, з Зорнага на Байканур усе адпраўляюцца ў добрым настроі.

Марына Васілеўская, удзельнік касмічнага палёту ад Беларусі:

Кіраўніцтва пажадала нам поспехаў, каб асноўны экіпаж вылецеў згодна з планам. Мы гатовы да палёту, выканаем усё на 100 %, нават больш. Я упэўнена, таму што з такім экіпажам толькі ў космас.

А дарога да зорак для Марыны Васілеўскай склалася вельмі ўдала. З некалькіх тысяч заявак менавіта яе выбралі ў асноўны экіпаж. І менавіта яна стане першай жанчынай суверэннай Беларусі, якая адправіцца ў космас. У мінулым складаныя выпрабаванні ў бязважкасці і цэнтрыфузе, трэніроўкі на выжыванне ў зімовым лесе і на вадзе, іспыты на ўменне арыентавацца ў няштатных сітуацыях і веданне карабля. Многае пройдзена, але самы галоўны старт яе жыцця яшчэ наперадзе. Праводзіць Марыну на Байканур прыехаў цэлы дэсант сваякоў. Мама хваляваліся і ўвагі прэсы імкнулася пазбягаць.

А бацька, наадварот, узяў удар на сябе. Імкнуўся як мага больш сказаць цёплых слоў у адрас дачкі, якой вельмі ганарыцца.

Віталь Васілеўскі, бацька:

Мы рады за дачку, верым у яе - у яе сілу, уменне, старанне. Яна ў нас такая адказная, працавітая. І мы з нецярплівасцю будзем яе чакаць тут. Я хвалююся, але імкнуся падтрымліваць яе ўсёй душой, усім сэрцам, усёй сям'ёй. Мы яе любім. Ганарымся, што выпаў шанц удзельнічаць у палёце ў космас.

Нязнайка на Месяцы - талісман Анастасіі Лянковай

Мама беларускі Анастасіі Лянковай (дзяўчына ў складзе дубліруючага экіпажа) прывезла дачцэ талісман - цацку Нязнайка на Месяцы, бо пра зоркі Насця мроіла яшчэ з дзяцінства.

Наталля Лянкова, мама:

Яна з дзяцінства купляла часопісы "Планета". Яна чытала пра космас, яна з дзяцінства марыла паляцець у космас. Я думаю, яна даб’ецца.

12 дзён на МКС

Марына Васілеўская правядзе на МКС 12 дзён. Яна будзе працаваць над даследаваннямі ў біямедыцыне, выканае доследы па вырошчванні раслін у космасе, а таксама выпрабуе складаныя прыборы ва ўмовах бязважкасці. Дапамагаць ёй будзе больш вопытны калега - лётчык-касманаўт Алег Навіцкі. Гэта ўжо чацвёрты  яго палёт у космас.

З аэрадрома Чкалаўскі спецбортам экіпажы вылецяць у Казахстан на Байканур. Там яны ўжо будуць праходзіць завяршальны этап падрыхтоўкі да палёту. Старт 21-й экспедыцыі наведвання МКС запланаваны на 21 сакавіка.