Да патрыятычнай эстафеты "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" далучыўся Крупскі раён

7 мая 2020
Па ўсёй Мінскай вобласці гучаць словы падзякі тым, хто падарыў нам 75 мірных гадоў. Сёння да патрыятычнай эстафеты "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" далучыўся Крупскі раён. Кветкі ўсклалі да мемарыяла, дзе пахаваны Герой Савецкага Саюза Васіль Чабатароў. 26-гадовы лейтэнант загінуў у 44-м у баі на рацэ Бобр падчас аперацыі па вызваленні Крупскага раёна. Сёння яго подзвіг ушанавалі хвілінай маўчання.

Ушанаваць памяць герояў сёння прыйшла і моладзь. Гэта выхаванцы эколага-патрыятычнага клуба "Спадчына" і ваенна-патрыятычнага клуба "Рубеж". Яны дапамагаюць добраўпарадкоўваць памятныя мясціны, высвятляць прозвішчы загінуўшых салдат. 

Падчас вайны ў Крупскім раёне загінулі каля 7 000 чалавек - гэта салдаты і мірныя жыхары. Усяго ж на тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна больш за 90 месцаў воінскай славы.