К Новаму году Мінскхлебпрам падрыхтаваў салодкія падарункі

28 декабря 2016

Якое ж свята без пачастункаў. Прычым на дэсерт - маляўнічыя паштоўкі, чырвоныя рукавіцы і нават ядомы Дзед Мароз. І гэта не ўсе навінкі мінскіх хлебазаводаў. Выпякаюць імбірныя пернікі, маркоўна-арэхавыя пірожныя, і, зразумела, аздоблены шакаладнымі карункамі і вафельнымі шышкамі торт. Салодкае навагодняе меню ў Юліі Токар.

Да Новага года толькі на гэтым хлебазаводзе выпеклі больш за 60 відаў святочных тартоў. Аздобленыя карункавым шакаладам, вафельнымі шышкамі і карамельнымі сняжынкамі. Дарэчы, такія пачастункі ствараюць сапраўдную святочна-салодкую атмасферу.

Апошні тыдзень года тут выдаўся не па-снежаньску гарачым – з раніцы да вечара на хлебазаводзе гатуюць кандытарскія вырабы. Спачатку замешваюць цеста і адпраўляюць у печ, пасля астуджвання бісквітныя каржы злучаюць шакаладным, заварным і сметанковым крэмам. Пасля гэтага і пачынаецца мастацкі этап - аздабленне.

НГ_Минскхлебпром.jpg

Сярод навінак - маркоўна-арэхавыя пірожныя і імбірныя пернікі. На продаж рыхтуюць больш за пяць тысяч салодкіх сувеніраў. У святочны мучны ласунак дадаюць імбір, гваздзіку і карыцу. За змену гатуюць каля 250 ядомых рукавічак, ёлак і сняжынак. Прычым адмысловая рэцэптура дазваляе захоўваць свежасць здобы да 45 сутак.

Таццяна Ляпусціна кандытарскаму мастацтву на гэтым прадпрыемстве прысвяціла чвэрць стагоддзя. Ад аздаблення тартоў і пірожных перайшла да дэкору пернікаў. Зараз печыва старанна распісвае быццам жывапісныя карціны, толькі замест пэндзля ў руках кандытарскі шпрыц з крэмам.

Імбірныя пернікі, прафітролі з шакаладнай стружкай і тарты   - за суткі ўсе шэсць сталічных хлебазаводаў выпякаюць 25 тон кандытарскіх вырабаў. У святочны сезон гэтая лічба павялічваецца амаль у чатыры разы.

Кулінарныя шэдэўры з выявамі пеўня дапоўняць святочныя сталы ў чароўную навагоднюю ноч. Ласункі ўжо можна набыць у сталічных магазінах. А каб на святы была свежая выпечка, кандытары будуць працаваць нават 31 снежня і 1 студзеня.