Змяненні ў законы Беларусі абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў

13 июня 2017

Актуальныя пытанні і змяненні ў дзеючыя законы Беларусі абмяркоўвалі сёння ў Палаце прадстаўнікоў. Так, некаторыя новаўвядзенні закрануць крэдытныя гісторыі, празрыстасць адносін стане вышэйшай - банкі будуць атрымліваць больш поўную і праўдзівую інфармацыю аб атрымальніку пазык і змогуць адэкватна ацэньваць свае рызыкі. Прагучала сёння і тэма, якая шырока абмяркоўваецца ў грамадстве, - ліміты на бяспошлінныя пасылкі. Ці чакаць навацый у гэтым пытанні, ведае Святлана Лук’янюк.

Аб абароне дзяржсакрэтаў з трыбуны Авальнай залы гаварыў старшыня КДБ. У змяненнях прапісана, хто і пры разглядзе якіх спраў можа адкрываць такія матэрыялы, рабіць копіі і выпіскі. Аб невыдаванні - пісьмовае абавязацельства. Таксама атэстацыя адказных за сакрэтную інфармацыю. Спрашчаецца і допуск да яе ўдзельнікаў аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і ўсіх чыноўнікаў вышэйшага звяна.

Дэпутаты гэты дакумент падтрымалі аднагалосна ў першым чытанні. Як і дапаўненні ў дзеючы цяпер Закон "Аб крэдытных гісторыях". Кіраўніцтва рэгулятара лічыць: дзякуючы больш поўнай базе даных банкі змогуць адэкватна ацэньваць свае рызыкі, а пазычальнікі - сваю плацежаздольнасць. Скажам, не паддавацца імгненнаму жаданню ўзяць грошы ў доўг. Спіс крыніц крэдытных гісторый папоўняць мікрафінансавыя і лізінгавыя кампаніі.

Тэрмін дзеяння крэдытнай гісторыі - 5 гадоў. Пасля гэтага ўсе звесткі абнуляюцца.

Сёння дэпутаты прагаласавалі і за развіццё рынку рэгулярных перавозак і прыцягненне да іх прыватнікаў. Мы як пасажыры атрымаем большую колькасць маршрутаў, а канкурэнцыя паспрыяе павышэнню якасці абслугоўвання і зніжэнню цэн на яго.

Асаблівая ўвага тут і анлайн-сэрвісам па перавозцы пасажыраў як альтэрнатывы таксі. Закон дае магчымасць працаваць на рынку ўсім. Пры гэтым паслуга становіцца больш даступнай.

У кіраўніцтва Мытнага камітэта цікавіліся і нормамі бязмытных лімітаў на міжнародныя пасылкі. Апошнія дні гэтая тэма на пагалосцы пасля агучанай уніфікацыі нормы ў 200 еўра ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Дысбаланс на сёння вялікі. У той жа Расіі тысяча еўра, у нас, напрыклад, 22. Але пакуль гаварыць аб павелічэнні, скажам, нашых лімітаў рана.

На ўсё абмеркаванне і паэтапную ўніфікацыю лімітаў бяспошлінных пасылак даюцца тры гады. Гэта згодна з падпісанымі дакументамі ў рамках ЕАЭС.