З 1400 замежнікаў, якія прыехалі да нас, амаль 750 - балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў

18 июня 2019

У Беларусь працягваюць прыбываць госці II Еўрапейскіх гульняў. Ужо прыехала тысяча чатырыста замежнікаў, з іх амаль 750 - гэта балельшчыкі. Больш за ўсё з Польшчы - 243 чалавекі. На другім і трэцім месцах - грамадзяне Латвіі і Літвы. Пункты пропуску Віцебскай мытні перасекла каля сотні турыстаў. Для іх арганізаваныя асобныя каналы. Так, у аўтадарожным "Грыгароўшчына" на беларуска-латвійскай мяжы для балельшчыкаў прадугледжаныя па два з пяці калідораў як на заезд, так і на выезд з Беларусі. На змену ў гэтыя дні заступае большая колькасць супрацоўнікаў мытні. Яны валодаюць замежнымі мовамі. У пункце пропуску размешчаныя электронныя табло з інфармацыяй аб завозе і вывазе тавараў.

Уладзімір Пальчэх, начальнік мытнага паста "Бігосава" Віцебскай мытні: "Прынятыя меры да спрашчэння здзяйснення мытных аперацый. Да мінімуму зведзеныя дзеянні асоб. Усё зроблена для таго, каб удзельнікі і балельшчыкі, якія прыязджаюць у нашу краіну і знаходзяцца ў гэтым пункце пропуску, пачуваліся камфортна, праходзілі гэтую мяжу максімальна хутка, каб у іх засталося добрае ўражанне аб нашай краіне".

Балельшчыкаў ІІ Еўрапейскіх гульняў на мяжы сустракаюць валанцёры. Ад іх госці атрымліваюць даведнік з падрабязнай праграмай Гульняў і звесткамі аб тым, як з карысцю правесці час у Беларусі.