Гісторыя кніжнай закладкi

10 октября 2020

Кніжная закладка – носьбіт інфармацыі, сувенір і дапаможнік у чытанні. Пра гісторыю гэтага прадмета даведаемся ў аўтара прыватнай калекцыі закладак.

Металічныя, з паперы, сіліконавыя. З матэматычнымі формуламі, прызнаннямі ў каханні і рэкламнымі слоганамі. Дзесяць тысяч экспанатаў налічвае прыватны музей кніжных закладак, аўтарам якога з'яўляецца Наталля Булкіна з Браслаўскага раёна. Збіранню гэтага атрыбуту працэсу чытання яна прысвяціла больш за паўстагоддзя. У яе калекцыі - закладкі, выпушчаныя ў розных краінах свету. Па іх можна прасачыць гісторыю развіцця паліграфіі, а яшчэ прамысловасці, моды, спорту. Вольга Маслоўская - пра незвычайныя звычайныя закладкі.

10 тысяч экспанатаў, на пошукі якіх спатрэбілася больш за паўстагоддзя. Калекцыю кніжных закладак Алена Булкіна збірае з 11-ці гадоў. Не проста збірае, а вывучае па іх гісторыю – кнігі, паліграфіі, прамысловасці.

Закладка - гэта не заўсёды кавалак паперы. Тканіна, скура, метал, пластык, сілікон, пробка - з усіх вядомых чалавецтву матэрыялаў у розны час выраблялі ў тым ліку і закладкі. Рознымі яны бываюць і па канструкцыі: ад простай стужкі да металічнай сашчэпкі.

Асобная тэма - змест, які ўтрымлівае закладка. Дарэчы, дапытліваму чалавеку такі маленькі прадмет можа даць не менш інфармацыі, чым энцыклапедыя. Табліца множання і хімічныя формулы, інфармацыя пра музеі свету, славутых людзей - закладкі не толькі спрашчаюць працэс чытання, але часта і самі з’яўляюцца крыніцай інфармацыі.

Палова музея - гэта ўласныя ідэі аўтара калекцыі. Закладкі ў выглядзе народнай лялькі, у стылі традыцыйных славянскіх рамёстваў. Дарэчы, на два віды закладак атрыманы патэнты.

Канструкцыя вось такой магнітнай закладкі - унікальна. Як і ідэя стварыць альбом закладак. Паасобку - гэта атрыбут чытання, а разам - часткі адзінай фатаграфіі ці рэпрадукцыі. Яшчэ адно захапленне Алены Булкінай, падтрымаць якое прапануе ўважлівым наведвальнікам свайго музея, - гэта пошук закладак на карцінах мастакоў. Персанажы з кнігай у руках - сюжэт папулярны. Прыглядзіцеся: паміж старонак можа ляжаць закладка: маленькі прадмет, які нясе шмат інфармацыі.