Інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў зараз узмоцнена правярае будоўлі

8 апреля 2016

Падбаць аб жыцці і здароўі работніка. Інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў зараз узмоцнена правярае будоўлі, вытворчасці і прадпрыемствы. Асноўная мэта такіх візітаў - кантроль за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Толькі за сёння па краіне выяўлена некалькі дзясяткаў парушэнняў бяспекі на рабочым месцы. Расказвае Улада Карніцкая.

"Як вы тут можаце паесці, калі тут гардэробнае памяшканне і тое без шафаў, тут жа туфлі і абутак у вас знаходзяцца. А яшчэ тут няма чыстай пітной вады, месца, дзе можна памыць рукі, адзенне даводзіцца вешаць на цвікі". І гэта далёка не поўны спіс парушэнняў умоў працы, якія выявіла інспекцыя Федэрацыі прафсаюзаў нашай краіны ў гэтай бытоўцы. Прычым трапіць у яе таксама не вельмі проста.

Праверыць умовы, у якіх працуюць будаўнікі дома на сталічнай вуліцы Петруся Глебкі, толькі за апошні месяц спецыялісты прыехалі ўжо другі раз.

Яшчэ літаральна 15 хвілін таму ў гэтых будаўнічых люльках працавалі людзі. Але, заўважыўшы інспектараў, яны ў прамым сэнсе разбегліся. Як высветлілася, у будаўнікоў няма неабходных дакументаў. Акрамя таго, на інструментах няма інвентарнага нумара. На першы погляд, гэты момант - бюракратычны. Але менавіта гэты нумар гаворыць пра бяспеку, напрыклад, вось гэтага міксера.

Разам з інспектарамі на гэтай пляцоўцы і прадстаўнікі генпадрадчыка. Гавораць: адказнасць за сваіх работнікаў і за камфортныя, а галоўнае - бяспечныя ўмовы працы ў гэтым выпадку нясуць выключна наёмныя арганізацыі.

Анатоль Вядзерчык, начальнік філіяла БУ № 26 ААТ "Будтрэст № 4": "Мы з нашымі субпадраднымі арганізацыямі штотыдзень праводзім нарады, праводзім дні аховы працы, і на гэтыя недахопы ім зважалі, прычым неаднаразова. У тым ліку ў пісьмовай форме выдаваліся прадпісанні".

Прадпісанне, гавораць тут, сапраўды, бачылі. Але вось чаму недахопы ліквідаваныя не былі, на будаўнічай пляцоўцы зразумелага адказу не знайшлося.

Толькі за мінулы год на будоўлях краіны адбылося 115 няшчасных выпадкаў. Лічба не маленькая. Пры гэтым усё-такі яна меншая, чым у 2014-м. І стала гэта магчымым дзякуючы вось такім грамадскім інспектарам.

Дзмітрый Прасвіракоў, намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прафсаюзаў работнікаў будаўніцтва: "Федэрацыя прафсаюзаў, у тым ліку тэхінспектары, усяляк імкнуцца ахапіць усе будаўнічыя аб'екты, папярэдзіць работнікаў аб выкананні заканадаўства аб ахове працы, таму што, зразумела, што руку, палец або вока назад не прышыеш".

Асцерагацца за сваё жыццё або здароўе з-за таго, што кіраўніцтва не забяспечыла, напрыклад, ахоўнымі касцюмамі, на гэтай будоўлі ў Гомелі работнікам не прыходзіцца. Аб'ект фактычна паказальны - праз некалькі гадзін праверкі канстатуюць інспектары.

А яшчэ летась інспектарамі прафсаюзаў па ўсёй краіне была спынена праца каля дзвюх тысяч станкоў і машын, якія ўжо былі проста небяспечныя для чалавека. Акрамя таго, па загадзе спецыялістаў на вытворчасцях і будоўлях былі ліквідаваныя каля 64 тысяч парушэнняў. Пры гэтым усё-такі, гавораць эксперты, асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў на працы застаецца бестурботнасць самога чалавека.