Ініцыятыва кіраўнікоў прадпрыемстваў рытуальных паслуг Беларусі

14 января 2014

. Ідэя такая: калі магілу не даглядаюць больш за 40 гадоў, праводзіцца эксгумацыя. А астанкі пасля крэміравання захоўваюць у братэрскай магіле. Такім чынам плануецца вырашыць праблему недахопу месцаў на беларускіх могілках. Напрыклад, толькі ў адным Магілёве з 16 могілкаў дзейнічаюць толькі 4. Ідэя, з аднаго боку, рацыянальная. Але выклікае нямала пытанняў і цэлую дыскусію ў грамадстве. Супраць выступілі гісторыкі і царква.


Наш карэспандэнт Уладзімір Сёмкін выслухаў меркаванні ўсіх бакоў. Могілкі растуць, расце і праблема з пахаваннямі. Прадстаўнікі прадпрыемстваў рытуальных паслуг упэўніваюць: плошчаў хутка не застанецца. Дарэчы, у абласным цэнтры 16 могілкаў, але з іх дзеючых - толькі 4. І рашэнне на заканадаўчым узроўні трэба прымаць зараз.


Ірына Караленка, дырэктар Магілёўскага гарадскога прадпрыемства рытуальных паслуг: Гэтыя адабрэнні прынятыя на першасным узроўні, узгодненыя з Мінфінам, сацабароны, МУС і накіраваныя ў Савет Міністраў РБ. Калі на працягу 40 гадоў чалавек не аб'явіўся і не зарэгістраваў статус адказнай асобы за пахаванне, адпаведна, будзе прымацца камісійна рашэнне аб прызнанні безгаспадарным.


Гэта значыць, хаваць стануць на месцы магіл, якія ніхто не даглядаў больш за 40 гадоў. А астанкі з закінутых пахаванняў будуць крэміраваць і перазахоўваць у агульную магілу. За ўзор узяты вопыт Германіі. Там пасля дваццаці гадоў выкарыстання ўчастку трэба плаціць. Альбо вызваліць месца. У Даніі распрацоўваецца магчымасць будаўніцтва спецыяльных шматпавярховых могілкаў-дамоў.


Магчымае прыняцце новага законапраекта нясе больш пытанняў, чым адказаў. Да прыкладу: хто канкрэтна будзе прымаць рашэнне аб эксгумацыі? За чый кошт будзе праводзіцца крэміраванне? І самае галоўнае: на чые плечы ляжа маральная адказнасць за ўсе гэтыя дзеянні?


Меркаванне царквы ў гэтым пытанні адназначнае. Гісторыкі таксама падтрымліваюць пункт гледжання царквы. У тым ліку і таму, што ў Беларусі шмат надмагілляў, якія ўяўляюць сабою гісторыка-культурную каштоўнасць. У шматлікіх з іх могуць знаходзіцца каштоўныя артэфакты. Хто будзе несці адказнасць за іх выняцце і далейшае захоўванне, пакуль невядома.


Ігар Марзалюк, прафесар МДУ імя А. Куляшова: Узнікаюць сітуацыі: людзі з'язджаюць надоўга, калі няма працягу рода. Логіка нейкая антычалавечая, насамрэч. Па-нармальнаму неабходна праводзіць каталагізацыю кожнага з гэтых помнікаў.


У выпадку прыняцця паправак у закон Аб пахаванні і пахавальнай справе могілкі толькі ў Магілёве вызваляцца на трэць. Ці стане гэта рашэннем праблемы, пытанне адкрытае.