I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны стартуе ў Гомелі

25 октября 2018

Першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны сёння адкрываецца ў Гомелі. З пачатку года тавараабарот краін-суседак перавысіў тры з паловай мільярды долараў. Асноўныя экспартныя пазіцыі - нафтапрадукты, мінеральныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі і трактары.

Пасля форуму спіс папоўніцца новымі пагадненнямі і кантрактамі. Падрабязней - Ганна Кавалёва. Аб удзеле ў форуме заявілі ўсе рэгіёны Беларусі і 16 рэгіёнаў Украіны. У цэлым чакаецца 700 удзельнікаў. Прамысловасць, будаўніцтва, ахова здароўя, навука, адукацыя, культура, турызм - абмежаванняў у тэмах на форуме не будзе.

За 8 месяцаў гэтага года тавараабарот дзвюх краін перавысіў тры з паловай мільярды долараў. У наступным годзе лічбу плануюць павялічыць прыкладна ў два разы. І гэты форум - магчымасць наблізіцца да высокай планкі. Дзеля гэтага на галоўнай плошчы Гомеля арганізавалі выставу нашай тэхнікі, да якой Украіна выказвае вялікую цікавасць. Яшчэ адна экспазіцыя - у гомельскім манежы "Дынама". Тут сваю прадукцыю прэзентавалі ўжо больш за 180 удзельнікаў з Беларусі і Украіны.

Марына Філонава, гендырэктар гомельскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Гэта будуць усе галіны. Мы пакажам навукова-тэхнічны патэнцыял РБ рознымі прадпрыемствамі. Усе ўдзельнікі паралельных мерапрыемстваў абавязкова прыедуць на выставу і тут правядуць перамовы проста на стэндах удзельнікаў выставы. Гэта значыць, гэта будуць перамовы і на беларускіх стэндах, і на ўкраінскіх".

Тое, як пашырыць узаемную прысутнасць на рынках абедзвюх краін, абмяркуюць у першы дзень форуму. Сёння адбудуцца пасяджэнні рабочых камісій і беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета з удзелам больш за 250 прадстаўнікоў бізнесу і дзелавых колаў.

Таксама пройдуць навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы. Дэлегацыі абмяркуюць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, абмен тэхналогіямі, развіццё рачнога суднаходства і здыманне бар'ераў, звязаных з тавараабаротам і ветэрынарным заканадаўствам. У праграме - і культурныя мерапрыемствы. Так, сёння адбудзецца міжнародны канцэрт "Дружба". На сцэну выйдуць 500 артыстаў як з Беларусі, так і з Украіны.

Заўтра адбудуцца афіцыйныя прэзентацыі рэгіёнаў дзвюх краін. На форуме абмяркуюць тэмы рэгіянальнага развіцця, эканамічнага і інвестыцыйнага патэнцыялу краін. Пасля чаго чакаецца падпісанне ключавых кантрактаў і пагадненняў.