Гучная гісторыя з закладнымі аўто атрымала працяг

8 апреля 2019

Нагадаем, летась  за справай закладных аўто ўважліва сачылі і расійскія банкі, і сотні такіх жа ашуканых беларускіх вадзіцеляў, якія праз адсутнасць інфармацыі набылі машыну з непагашаным крэдытам. Тады суд вынес прысуд на карысць пацярпелых вадзіцеляў. І вось зараз нашым карэспандэнтам стала вядома, што ў дачыненні да некаторых супрацоўнікаў банка - адзінага, які падаў іск на пакупнікоў, - заведзеныя крымінальныя справы за фіктыўнае афармленне закладаў. Уладзімір Каралёў пагутарыў з пацярпелымі і вывучыў рашэнне Маскоўскага гарадскога суда. 

Беларускія вадзіцелі, якія купілі некалькі гадоў таму закладныя аўто, па-ранейшаму ездзяць пад сваю адказнасць. Эксперты не раяць выязджаць на гэтых аўтамабілях за мяжу. Каб пазбегнуць судовых разглядаў або канфіскацыі аўто. 

Амаль новы "Кіа-Рыа" мінчанін Андрэй і яго жонка купілі тры гады таму на беларускіх нумарах, але радасць ад удалай куплі доўжылася нядоўга. Праз восем месяцаў сям’я атрымала позву з Савелаўскага раённага суда Масквы. Аказалася, што ўвесь гэты час аўтамабіль знаходзіўся ў закладзе ў расійскага банка, а папярэдні ўладальнік не плаціў па крэдыце. Пастанова Феміды - канфіскаваць машыну. 

Андрэй, уладальнік аўтамабіля: "У справе фігураваў чалавек, які прапісаны ў Маскве, аўто набыта ў Санкт-Пецярбургу, а сам банк знаходзіцца ў Самары. Правы не яго, нумар пашпарта адрозніваецца, месца прапіскі іншае. Нарэшце ён дае тлумачэнне, што ён ніякіх крэдытаў не браў і машыну не купляў. Мы прыехалі дахаты і звярнуліся да юрыстаў, якія сказалі, што калі справа дойдзе да суда, у нас забяруць".

Паколькі Андрэй купляў машыну ўжо на беларускіх нумарах, стала зразумела, што ён мінімум трэці гаспадар машыны. Мужчыну атрымалася звязацца з нібы пакупніком аўто з салона. Грамадзянін Расіі растлумачыў, што збіраецца аспрэчыць рашэнне суда, паколькі ён масквіч і не купляў гэты аўтамабіль у Санкт-Пецярбургу і ўжо тым больш не браў крэдыт на "Кіа". Почырказнаўчая экспертыза паказала, што подпіс яго быў кімсьці падроблены. Расіянін падаў апеляцыю і выйграў справу. 

Андрэй, уладальнік аўтамабіля: "На другім пасяджэнні суда суд звярнуў увагу на нестасоўкі, якія былі паказаныя ў першым рашэнні, прызнаў яго невінаватым. Пры гэтым паралельна высветлілася, што ў Санкт-Пецярбургу заведзена крымінальная справа на працаўнікоў гэтага самага банка, якія шляхам падробкі дакумента афармлялі крэдыты. З Беларусі мы імкнемся не выязджаць, паколькі машына дагэтуль лічыцца на сайце рэестру закладаў. Заклад не зняты, хоць тэрміны вяртання крэдыту даўно прайшлі". 

Гэта копія рашэння суда другой інстанцыі, з якой відаць, што ў дачыненні  да некалькіх супрацоўнікаў банка заведзена крымінальная справа за выраб дакументаў, якія змяшчаюць ілжывыя і недакладныя звесткі, на падставе якіх складаліся фіктыўныя дамовы. Сярод тых, якія былі прызнаныя несапраўднымі, і дамова на аўтамабіль Андрэя. 

Яўген Грачоў, начальнік юрыдычнага аддзела ABW.BY: "Атрыманне крэдыту і прыняцце аўтамабіля ў заклад - гэта вельмі складаная працэдура. Шматузроўневая. Яна пачынаецца з прыёму заяўкі, праверкі самога кліента, складання крэдытных дамоў, самога закладу. У гэтым выпадку, наколькі нам вядома, гэтыя заклады амаль не правяраліся. А самі дамовы складаліся пасля таго, як аўто пастаўленыя на ўлік у Беларусі. Першапачаткова было зразумела, што без удзелу супрацоўніка банка вельмі складана было пракруціць такія схемы". 

Колькі такіх падробленых крэдытаў было выдадзена супрацоўнікамі банка, невядома. Роўна як і невядома, колькі фіктыўных закладных аўто апынуліся ў Беларусі. А пакуль уладальнікі машын з абцяжараннем змушаныя ездзіць пад сваю адказнасць. А пры продажы абавязкова паведамляць новаму ўладальніку пра заклад, інакш, паводле Крымінальнага кодэкса нашай краіны, ён сам рызыкуе стаць ашуканцам.