Грамадзянскае і эканамічнае справаводствы будуць уніфікаваныя

2 марта 2020
Работа над стварэннем агульнай часткі адзінага Працэсуальнага кодэкса амаль завершаная. Праект распрацоўваюць па даручэнні Прэзідэнта. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда. Валерый Калінковіч падкрэсліў, што нягледзячы на адзінства нашай судовай сістэмы, судаводства па грамадзянскіх і эканамічных справах працягвае рэгулявацца па-рознаму. У прыватнасці, гэта датычыцца тэрміналогіі, азначэння функцый і задач судоў, складу ўдзельнікаў працэсу, а таксама пытанняў прымірэння бакоў. Стварэнне адзінага Працэсуальнага кодэкса - найболей эфектыўны спосаб уніфікацыі грамадзянскага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства.

Валерый Калінковіч, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі: "Досыць складана забяспечыць адзінства разумення і ўжывання падобных працэсуальных інстытутаў, якія ў розных кодэксах выкладзеныя па-рознаму. І гэта стварае цяжкасці як для праваўжывальнікаў, я маю на ўвазе не толькі суды, але і прадстаўнікоў бакоў, адвакатуру, пракуратуру, але і ў прынцыпе ў адзінай сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі, якая ў нас зараз склалася, больш, на наш погляд, эфектыўным падыходам будзе з'яўляцца ўстанаўленне адзіных агульных працэсуальных правіл для разгляду падобных зместам спрэчак".