Гатовасць да зімовага перыяду сёння абмеркавалі ў сталічнай мэрыі

29 ноября 2017

Першая завея - пакуль не на поўную моц - прыйшла сёння на тэрыторыю Мінскай вобласці і сталіцы. Ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу пачаліся ўначы і захаваюцца ў найбліжэйшыя дні. Гатовасць да зімовага перыяду сёння абмеркавалі ў сталічнай мэрыі. Дарожныя службы спецыяльна да новага сезона закупілі новую ўборачную тэхніку. Камунальнікі для апрацоўкі дваровых тэрыторый запасяць пясок і соль.

З заснежаных вуліц горада - Надзея Сербіненка. За два дні да пачатку зімы надвор'е зладзіла своеасаблівую рэпетыцыю. Лёгкае снежнае покрыва сёння накрыла сталіцу. Але гэта не збянтэжыла ні камунальныя, ні дарожныя службы. Да надыходу зімы падрыхтавана ўборачная тэхніка: напагатове і інвентар, і запас солі і пяску.

Пакуль з лёгкім снегам дарогі спраўляюцца самастойна: тэмпература асфальту яшчэ плюсавая. Але і моцныя снегапады не парушаць звыклы рытм сталічных вуліц. Ва ўборцы трас гэтай зімой будзе задзейнічана больш за 700 адзінак тэхнікі.

Працоўная серада для работнікаў камунальных службаў горада пачалася раней за звычайнае. Пра першы снег, галалёд з прагнозу надвор'я было вядома загадзя. Таму шуфлі, мяцёлкі ў руках прыбіральшчыкаў з самай раніцы, кантэйнеры з пяском таксама сёння спатрэбіліся.

Якраз пра гатовасць горада да зімы ішла гаворка сёння ў мінскай мэрыі. Жыллёва-камунальныя службы праз журналістаў звярнуліся да гараджан: парадак на паркоўках каля дамоў і на дваровых тэрыторыях падтрымліваць трэба сумеснымі намаганнямі. Асабліва падчас моцных снегападаў.

Да зімы падрыхтаваліся і гарадскія азеляніцелі. Дрэвы ўздоўж буйных праспектаў і вуліц, каб абараніць ад рэагентаў і солі, накрываюць спанбондам. Глебу ў лунках таксама.

У Мінску ўжо вызначана 14 пляцовак для назапашвання снегу. Узімку ў Чыжоўцы будзе працаваць і снегаплавільны пункт. Для патрэб горада ўжо нарыхтавана 55 000 тон пясчана-саляной сумесі. А пры надзвычайным надвор'і ў сілу ўвойдзе план "Завея". Падтрымку пры неабходнасці аператыўна акажуць ДАІ і МНС.