Гасцей чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску сустрэнуць больш за тысячу валанцёраў

28 марта 2014

Без іх не можа абысціся ні адзін буйны міжнародны турнір. Больш за тысячу валанцёраў у Мінску сустрэнуць гасцей чэмпіянату свету па хакеі. Набор лепшых добраахвотнікаў пачаўся яшчэ летась. Конкурс склаў амаль 4 чалавекі на месца. Задзейнічаны яны будуць не толькі на спартыўных арэнах, але і ў фан-вёсцы, прэс-цэнтрах, гасцініцах і як перакладчыкі. Ужо сёння яны навучаюцца на спецыяльных занятках па 5 кірунках.


Хто яны, беларускія валанцёры, і чаму гатовыя працаваць цалкам бясплатна, высвятляла Улада Карніцкая. Дар'я Чупрова, без перабольшання, валанцёр са стажам - у жніўні дзяўчына на юніёрскім чэмпіянаце па хакеі краін СНД была team coast - гідам і памочнікам каманды. Зараз яна лепш за іншых ведае, якім павінен быць валанцёр.


Сама Дар'я ведае тры замежныя мовы. Мабыць, гэта галоўны крытэрый для валанцёраў чэмпіянату свету па хакеі.


Ёсць і іншыя, не менш важныя, напрыклад, валанцёр павінен быць паўналетнім, а вось верхняй узроставай мяжы не існуе. У асноўным валанцёры - гэта моладзь да 25. На чэмпіянаце такіх будзе 75%. Без сумнення, перавага аддавалася валанцёрам з Беларусі, яны лепш ведаюць асаблівасці краіны. Але і іншаземцам, якія гатовы вывучаць культуру і традыцыі, адмаўляць не сталі.


Усяго на сусветным хакейным першынстве будуць працаваць каля тысячы добраахвотнікаў. А гэта больш, чым у Швецыі і Фінляндыі ў 2013-м. Але перад гэтым спецыяльнае навучанне для тых, ад каго залежыць камфорт гасцей, гульцоў і афіцыйных дэлегацый чэмпіянату.


Замежныя мовы, псіхалогія зносін, турыстычная інфармацыя і нават гісторыя хакея. На такіх занятках будучыя валанцёры чэмпіянату навучаюцца па 5 прадметах. Спачатку тэорыя, а ўжо праз некалькі тыдняў пачнецца і практыка, у кожнага на сваім рабочым месцы.


Працаваць валанцёры будуць у інфацэнтрах гасцініц, горада і фан-вёсцы. Бонус-пакет валанцёра - гэта бясплатны праезд па акрэдытацыі, абеды, сняданкі і камплект формы. Апрануцца добраахвотнікі змогуць камфортна пры любым надвор'і - курткі-вятроўкі, калі ў маі будзе дажджліва і ветрана, плюс майкі пола і кепкі на цёплыя дні. Дарэчы, да графіка працы кожнага валанцёра падышлі практычна індывідуальна.


Тыя, хто будуць працаваць на Мінск-Арэне, сваю навучальную практыку ўжо прайшлі. У красавіку пачынаюцца заняткі для валанцёраў Чыжоўка-Арэны, інфацэнтраў гасцініц, горада і фан-вёскі. Наперадзе ва ўсіх яшчэ адзін этап, свайго роду практыка - змадэляваныя сітуацыі, з якімі змогуць сутыкнуцца валанцёры ўжо на чэмпіянаце.