Дзяжкамваенпраму прапанаваў свае навінкі міністру абароны і дзяржсакратару Савета бяспекі

31 января 2020
Тэма бяспекі ніколі не зніжала сваёй актуальнасці. Складаная геапалітычная і месцамі вострая сітуацыя  ў свеце сёння вымушае шматлікія краіны сачыць за сваім ваенным  патэнцыялам.

Гарантуючы  ўласную бяспеку, дзяржавы імкнуцца паставіць на ўзбраенні самыя сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі. Беларусь не можа заставацца ў баку ад гэтых працэсаў. Прадпрыемствы ваеннай прамысловасці сёння прапанавалі  свае навінкі на суд прафесіяналам. Варта адзначыць, дзякуючы эфектыўнай працы ваенна-прамысловага сектара, з нашымі распрацоўкамі лічацца ва ўсім свеце.

Аб гэтым гаворыць хоць бы тое, што ваенная тэхніка з маркіроўкай BY сёння пастаўляецца ў 97 краін свету. Прычым толькі за мінулы год гэты паказчык вырас на 21 пункт. Сярод асноўных кліентаў - Расія. На долю краіны-суседкі прыпадае  26 % адгрузак, у рэгіёны Блізкага Усходу і Азіі адпраўляецца каля 31 % ваенных  тавараў, у краіны СНД – крыху  больш за  27 %. Такім чынам, у пастаўках ваеннай прадукцыі дасягнуты вызначаны парытэт у рэгіянальным экспарце і забяспечана своеасаблівая падушка бяспекі ў выпадку прасядання аднаго з рынкаў.

У той жа час самыя сучасныя ўзоры ваеннага  ўзбраення і спецыяльнай тэхнікі паступаюць у беларускія войскі. Толькі за мінулы год прадпрыемствамі Дзяжкамваенпраму ў армію было пастаўлена каля 1100 адзінак найноўшых і адрамантаваных узораў ваеннага  ўзбраення і спецыяльнай тэхнікі. Пералік вельмі шырокі, у яго ўвайшлі як радыёстанцыі, так баявая зброя і беспілотнікі. Прычым 11 узораў - гэта найноўшыя распрацоўкі. Больш падрабязна, чым сёння здзіўляюць айчынныя распрацоўшчыкі  ваеннай тэхнікі, распавядзе Юрый Шаўчук. 

Ударныя  беспілотнікі

Гэта эксклюзіўнае відэа знята на палігоне падчас выпрабаванняў беспілотнага лятальнага апарата "Квадра 1400". Дрон неўзаметку падлятае да цэлі  і наносіць зруйнавальныя ўдары. Гэта менавіта той выпадак, калі залатнік малы ды дарагі. Асноўныя перавагі беспілотнікаў -  мабільнасць і незаўважнасць, а ў сплаве з баявым абвесам  гэта зброя становіцца сапраўднай пагрозай для праціўнікаў. Беларускія канструктары ў распрацоўцы ўдарных  дронаў сёння ў авангардзе.

Канструктарскае бюро "Дысплей" у гэтым кірунку займае вядучыя пазіцыі не толькі ў краіне, але і свеце. Стаўку канструктары робяць на блізкі бой -  ад 2 да 5 кіламетраў. 

Аляксандр Вайцянкоў, дырэктар канструктарскага бюро "Дысплей": "Мы можам ляцець нізка над зямлёй.  Заляцець за будынак,  зрабіць разведку і выканаць задачы. Дадзены беспілотнік можа сесці на зямлю і чакаць калону".

Апроч "Квадра 1400" -  гэтае ж канструктарскае бюро выпусціла беспілотнік "Баранжыруючая труба". У адрозненне ад першага ўзору,  ён яшчэ лягчэйшы, а, значыць, хутчэйшы  і больш мабільны. Літаральна за гадзіну дрон можа пераадолець 65 кіламетраў і нанесці ўдар па цэлі. Ні для каго не сакрэт, што ваенныя  тэндэнцыі апошняга часу зведзеныя да таго, што стаўка робіцца менавіта на беспілотнікі. У баях на Блізкім Усходзе ўдзельнічаюць нават самаробныя ўзоры.

Таму апроч сваіх беспілотных лятальных апаратаў беларускія канструктары ваеннай тэхнікі працуюць над комплексамі, якія накіраваныя на барацьбу з ударнымі  копцерамі. 

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "У рэспубліцы створана цалкам айчынная сістэма процідзеяння атак з выкарыстаннемя БЛА. Гэта зараз адна з самых вялікіх пагроз, як у ваенным сэнсе, так і ў абароне аб'ектаў крытычнай інфраструктуры. Вельмі цяжка іх выявіць і знішчыць".

Абарона ад беспілотнікаў

Летась канструктарскае  бюро "Радар" прапанавала свой варыянт па выяўленні і знішчэнні  беспілотнікаў. Пераносны комплекс "Купал" здольны "заглушыць" любы дрон,  у тым ліку і ваенны. Паводле ацэнкі экспертаў, сусветны рынак абароны ад беспілотных лятальных апаратаў ужо сёлета можа перавысіць адзнаку  2 мільярды долараў. І беларусам ёсць што прапанаваць у гэтым сегменце ваеннай тэхнікі. 

І не толькі ў гэтым. Сёння на базе прадпрыемства "Агат" былі прадстаўлены апошнія айчынныя распрацоўкі ваеннага  ўзбраення і спецыяльнай тэхнікі. 

Рэактыўная сістэма залпавага агню "Флейта"

РСЗА "Флейта". Распрацоўка 2019 года. Асноўнае прызначэнне - суправаджэнне мабільных калон. Разгарнуць комплекс можна за 60 секунд, падрыхтаваць да стральбы за 30. У залежнасці ад снарадаў далёкасць стральбы вагаецца ад 3 кіламетраў да 40. 

З улікам таго, што стаўка Узброеных Сіл Беларусі зроблена на мабільнасць, з'яўленне такіх РСЗА было неабходнасцю.

Яны не толькі ідэальна падыходзяць для перакрыцця Сіл спецыяльных аперацый, але і ў патрэбны момант могуць нанесці зруйнавальны ўдар па праціўніку. Дарэчы, гэтая навінка ад стваральнікаў ужо нашумелых комплексаў "Берсек" і "Багамол", якія зараз карыстаюцца попытам на рынку. Пакуль музыка гэтай "Флейты" чутная толькі на палігоне. Але не выключана, што ўжо ў бягучым годзе выпрабаванні скончацца. Так што пастаўка новых рэактыўных сістэм залпавага агню ў беларускія войскі не за гарамі. 

Аляксей Трэгуб, прадстаўнік ТАА "БСВТ - новыя тэхналогіі": "Наменклатура боепрыпасаў разнастайная. Можна прымяняць у розным становішчы і паражаць розныя тыпы цэляў".

Супрацоўніцтва Дзяржкамваенпрама з Узброенымі Сіламі

Сёння ўвазе міністра абароны і дзяржсакратару Савета бяспекі Беларусі вядучыя прадпрыемствы Дзяржкамваенпрама прапанавалі і іншыя свае навінкі. Айчынная стралковая зброя, ракеты, трыцыкл, баявыя машыны, радыёстанцыі - гэта толькі няпоўны спіс таго, што беларускія ваенныя канструктары распрацавалі летась. У войскі ўжо паступіла 11 узораў ваеннага ўзбраення. У іх ліку 1100 адзінак найноўшых і адрамантаваных узораў тэхнікі і 12 тысяч сродкаў індывідуальнай абароны, у тым ліку браніраваныя экзэмпляры. 

Раман Галоўчанка, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі: "Сёлета мы дасягнулі гістарычнага рэкорду па аб'ёмах выпуску - парадку мільярд 400 млн рублёў. Гэта вельмі шмат для нашай краіны. Трэба падкрэсліць, што наша прадукцыя ніколі не вырабляецца на склад. Яна заўсёды робіцца пад канкрэтнага заказчыка".

Экспарт прадукцыі ваеннага прызначэння 

Геаграфія паставак прадукцыі Дзяржкамваенпрама летась пашырылася больш як на 20 краін. Пры гэтым рост інвестыцый вырас больш чым на 117 %. Чыстымі грашыма ў беларускія прадпрыемствы ваеннага сектара было інвеставана 84,5 мільёна рублёў. Усе яны пайшлі ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў і закупку новага абсталявання. 

А значыць, кампаніі не толькі знімаюць вяршкі з таго, што ўжо ёсць, але і нацэленыя на развіццё. Напрыклад, вось гэты цэх завода "Агат" быў адчынены летась. 

Мікалай Балігатаў, гендырэктар ААТ "Агат - электрамеханічны завод": "Гэты цэх дапамагае нам рабіць некалькі рэчаў. Мы можам больш выпускаць прадукцыі. Чаму? Таму што абсталяванне з лікавым праграмным забеспячэннем".

Ваенная прамысловасць на кантролі Прэзідэнта 

"Ні на каго не нападаем, але заўсёды павінны быць у поўным узбраенні", - так фармулюе сутнасць абарончай стратэгіі наш Прэзідэнт. Таму заўсёды трымае на кантролі пытанні стварэння найноўшых узораў узбраення - ад беспілотнікаў да ракетабудавання. Даручэнняў тут было нямала. Беларусі, якая апынулася сёння ў гарачым палітычным месце, прыходзіцца прадпрымаць меры для сваёй бяспекі. 

Дзяржкамваенпрам: перспектыўныя планы на будучыню

У рамках стратэгіі ваенна-прамысловай галіны да 2025 года плануецца не толькі аб'яднаць намаганні ў кірунках па стварэнні новых сістэм узбраення, але і ўкараніць іншыя падыходы ў кіраванні вытворчасцю. У першую чаргу гэтыя меры накіраваныя на паніжэнне сабекошту, паляпшэнне якасці і часу вырабу прадукцыі. Плюс акцэнт робіцца і на падрыхтоўку новых кадраў.