Гомель святкуе дзень вызвалення

26 ноября 2019
У Гомелі сёння ўспамінаюць падзеі 76-гадовай даўнасці. 26 лістапада 1943 года горад стаў першым абласным цэнтрам Беларусі, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады свае жыцці за свабоду горада аддалі больш чым  20 тысяч чырвонаармейцаў. Перамогу дапамагалі набліжаць і партызанскія злучэнні. Кропку ў бітвах байцы паставілі на берагах ракі Сож. 

Напярэдадні памятнай даты горад далучыўся да маштабнай акцыі "На славу агульнай Перамогі". Каб далучыцца да патрыятычнага марафону, была сабрана зямля з усіх вайсковых пахаванняў Гомеля. Каштоўны груз у спецыяльных капсулах рыхтуюць да адпраўкі ў сталічны рэгіён, каб там змясціць у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых. 

Памяць вызваліцеляў сёння ўшануюць на галоўным мітынгу Гомеля - ля Вечнага агню і брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Тут ветэраны і маладое пакаленне ўскладуць жывыя кветкі. Затым адбудзецца ўрачысты сход і святочны канцэрт.