Генеральная пракуратура і Камітэт дзяржкантролю падвялі вынікі буйной праверкі

30 октября 2013
Поўная анархія і безгаспадарлівасць - так ацанілі рэалізацыю найважнейшай праграмы развіцця сельскай гаспадаркі наглядныя органы. Сёння Генеральная пракуратура і Камітэт дзяржкантролю падвялі вынікі адной з самых буйных праверак.

Высновы адлюстраваныя ў лічбах - за 5 гадоў на праграму селекцыі і насенняводства збожжавых, тэхнічных і кармавых культур было выдзелена 400 мільярдаў рублёў, і больш за траціну з гэтых грошай выдаткаваны неэфектыўна. У асноўным бюджэтныя сродкі ішлі на нямэтавае выкарыстанне: пагашэнне крэдытаў, тэхнічнае пераабсталяванне, паўсядзённыя патрэбы, закупку замежнага абсталявання.


Паводле слоў кантралёраў, у шматлікіх гаспадарках элітныя сарты насення ішлі на корм, у той час як на сяўбу закупляліся замежныя аналагі. Толькі ў гэтым кірунку страты склалі больш як 150 мільёнаў долараў.

У выніку чыноўнікі Мінсельгасхарча і шэрагу аблвыканкамаў могуць пазбавіцца сваіх крэслаў. Пытанне вырашаецца ў рамках крымінальнай адказнасці. Пакарана рублём кіраўніцтва некалькіх гаспадарак і прадпрыемстваў. Даецца прававая ацэнка дзеянням усіх вінаватых асоб.