Дзе нараджаюцца падарункі і штучныя елкі?

4 декабря 2013

Да навагодніх і калядных свят крыху больш за тры тыдні. Вітрыны магазінаў ужо ззяюць яркімі агнямі. У гарадах усё больш з'яўляецца святочнай ілюмінацыі. Але ёсць і тыя, хто круглы год рыхтуецца да ўрачыстасці.


Дзе нараджаюцца падарункі і штучныя елкі - цікавілася наш карэспандэнт у Брэсце Вікторыя Патоня. Гэта брэсцкае прадпрыемства да калядных свят рыхтуецца круглы год. Тут нараджаюцца штучныя зялёныя прыгажуні розных памераў, колераў і тэкстуры на спецыяльным абсталяванні з патрэбнай палімернай плёнкі, металічных каркасаў і дроту. Калі раней штучныя елкі прывозілі з-за межы, то зараз навучыліся рабіць свае.


Аляксандр Кірпічнікаў, галоўны інжынер прадпрыемства: Мы вырабляем каля 12-15 тысяч елак у год, каля 12 мадэляў. Асноўная частка ідзе ў нас на экспарт. Каля 70% ідзе на рынкі Расіі. Першапачаткова, калі ставілі нашу елку на паток, імкнуліся, каб не ўдарыць тварам у гразь і зрабіць елку годнай якасці.


Калі штучныя елкі ўжо на пераднавагоднім кірмашы, то жывыя лясныя прыгажуні з'явяцца ў продажы ў 20-х чыслах снежня. Тут жа сотні гірлянд, ёлачных цацак, навагодніх касцюмаў. Сярод сувеніраў і сімвал новага года - конь.


Зрэшты, сустрэча з навагоднімі персанажамі адбудзецца зусім хутка - на адкрыцці гарадской ёлкі 14 снежня.


На галоўнай плошчы горада зялёную прыгажуню ўжо ўсталявалі. Яна складаецца з 150 маленькіх жывых ялінак. На нашых вачах яе прыбіраюць цацкамі і гірляндамі. А ўпрыгожаць елку каля 6 тысяч рознакаляровых лямпачак.


Хоць на календары зіма, а ў гэтым цэху гарачая пара. Бо ў гандаль прадпрыемству трэба паставіць каля 100 тысяч салодкіх падарункаў.


Вітрыны магазінаў ужо ствараюць пераднавагодні настрой, нягледзячы на тое, што святочная ілюмінацыя ў горадзе ўключана не на 100%. Для поўнага адчування надыходзячага Раства брастаўчанам не хапае толькі снегу.