Галантны век у гербах гарадоў Беларусі

15 марта 2014
Прафесар Сяргей Рассадзін, вядомы многім нашым гледачам па нашумелых гістарычных расследаваннях Агенцтва тэленавін, прэзентаваў уласнае даследаванне: Галантны век у гербах гарадоў Беларусі.

Таемныя знакі і сімвалы, якія нават праз стагоддзі бударажаць уяўленне, убачыла Алена Борматава.
Галантны век у назве навуковага даследавання - гэта не прыдумка аўтара для прыгожага і высокага слова, гэта аўтэнтычная назва дакладнага гістарычнага перыяду. Так называлі на землях Беларусі апошнюю чвэрць XVIII стагоддзя. Гэта час Вальтэра і Кацярыны Другой.
Перыяд ад першага да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай - менавіта ён узяты аўтарам, пастаянным кансультантам нашумелых гістарычных даследаванняў Агенцтва тэленавін, за аснову новай навуковай працы. 25 гадоў - з 1781 па 1796 - перыяд, у які і з'явілася амаль палова гістарычных гербаў беларускіх гарадоў. Напрыклад, Барысава, Магілёва, Оршы.
Гербы беларускіх гарадоў XVIII стагоддзя найчасцей у стылі класіцызму і, як ні дзіўна, з вытворчымі ці рэлігійнымі матывамі. На гербе Барысва адлюстраваны апостал Пётр з залатым ад уваходу і сярэбраным ад выхаду ключамі ад раю.
Побач з сучасным і толькі выдадзеным геральдычным даследаваннем - старажытныя кніжныя помнікі па гэтай тэме. Напрыклад 21 том поўнага збору законаў Расійскай імперыі, у якім Кацярына Другая дваццаці чатыром гарадам Беларусі, сярод якіх Мсціслаў і Быхаў, даруе гербы.
У XVIII стагоддзі на землях сучаснай Беларусі геральдыка была даволі папулярнай і нават моднай навукай. Так званыя гербоўнікі знаходзіліся ў кожным доме. А прадстаўнікі шляхецкіх сем'яў менавіта па геральдычных выданнях звяраліся, ці ёсць на старонках кнігі сямейныя гербы будучых мужа ці жонкі. Калі іх не знаходзілі, шлюб адмянялі.
На вывучэнне матэрыялу і збор дакументаў у Сяргея Рассадзіна - члена геральдычнага савета пры Прэзідэнце Беларусі - пайшло 10 гадоў. І гэтая кніга стала дзясятай аўтарства Рассадзіна. Выйшла накладам у тысячу адзінак.