Гала-канцэрт, акцыя "Праспяваем гімн разам!" і салют сталі кульмінацыяй свята ў Мінску

4 июля 2018

Толькі ў Мінску прайшло больш за сотню мерапрыемстваў - ад спартыўных спаборніцтваў да выстаў і кірмашоў. Пад завяршэнне - гала-канцэрт майстроў мастацтваў "Беларусь - адзіная Радзіма". Для гасцей свята свае хіты ля стэлы "Мінск - горад-герой" выканалі зоркі эстрады. Усе падрабязнасці - у начным рэпартажы Іны Пілевіч.

Дажджавікі па-над сцэнічнымі касцюмамі і зала гледачоў, абсыпаная парасонамі. Пахмурнае надвор'е - зусім не перашкода галоўнаму дзяржаўнаму святу. Опен-эйр у гонар Дня Незалежнасці сабраў тысячы гараджан і гасцей сталіцы ля стэлы "Мінск - горад-герой". Гледачы не разыходзіліся і падпявалі артыстам, нават калі дождж ішоў сцяной.

Вакалісты з розных куткоў рэспублікі на адной сцэне. Святочны канцэрт стаў прысвячэннем не толькі Дню Незалежнасці, але і Году малой радзімы. Праграму разбілі на 6 тэматычных блокаў па колькасці абласцей. У кожным аддзяленні папулярныя артысты - выхадцы таго або іншага рэгіёна выконвалі свае хіты.

"Мы, беларусы, мірныя людзі" - ва ўнісон. Усім вядомыя радкі разам гучалі з вуснаў як школьнікаў, так і вышэйшых службовых асоб. Акцыя "Праспяваем гімн разам!" стала ўжо добрай традыцыяй, якая аб'ядноўвае людзей розных пакаленняў і напаўняе пачуццём гонару за сваю краіну.

Салют - традыцыйная кульмінацыя Дня Незалежнасці. У сталіцы ён грыміць адразу з 6 пазіцый, каб можна было ўбачыць у любым пункце горада. Лепшая лакацыя для прагляду, бясспрэчна, стэла "Мінск - горад-герой". Менавіта тут засяроджана асноўная колькасць тэхнікі.

Феерыя ў колерах нацыянальнага флага. Нябеснае шоу доўжылася 10 хвілін. Пасля салюта - святочная дыскатэка. Госці канцэрта пад адкрытым небам танчылі і спявалі ў гонар галоўнага свята краіны да паўночы.